Новы год — час цудаў, падарункаў і віншаванняў. Без увагі не засталіся і насельнікі аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў в.Хвайніца РЦСАН, куды напярэдадні свята завіталі прадстаўнікі раённай улады — старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская і начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Лянкевіч.
Да ўвагі прысутных была прадстаўлена канцэртная праграма, падрыхтаваная наведвальнікамі дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту РЦСАН разам з работнікамі Цэнтра культуры і адпачынку. У госці завіталі вучні СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, якія традыцыйна наведваюць пажылых грамадзян. Дзед Мароз са Снягуркай павіншавалі прысутных з надыходзячымі святамі, узнялі іх настрой вершамі, загадкамі.
Ад імя райвыканкама госці павіншавалі прысутных з навагоднімі святамі, пажадалі моцнага здароўя і добрага настрою. Старшыня райвыканкама адзначыў, што клопат аб прадстаўніках старэйшага пакалення — адзін з галоўных абавязкаў грамадства, і ў раёне робіцца ўсё магчымае для наладжвання іх камфортнага жыцця. Намесніку дыректара РЦСАН Наталлі Крыловай Аляксандр Бутараў уручыў карысны і прыгожы падарунак для жыльцоў аддзялення — набор посуду, якім яны з задавальненнем будуць карыстацца, сертыфікат на падпіску на раённую газету “Кіравец”, таксама кожны атрымаў салодкасці.
Насельнікі аддзялення падзякавалі гасцям і таксама ўручылі ім прыгожы сувенір, зроблены уласнымі рукамі, які сімвалізуе багацце і дабрабыт.
Ганаровыя госці пажадалі кіраўніцтву, персаналу аддзялення ў новым годзе поспехаў і дабрабыту.
Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.