Вернікі маюць грошы на праект па аднаўленні касцёла ў цэнтры Віцебска. Аднак працы не пачынаюцца
Віцебская дыяцэзія гатова распачаць праектныя працы па аднаўленні касцёла Святога Антонія ў абласным цэнтры. Пра гэта заявіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, піша catholicnews.by.
Па словах іерарха, дыяцэзія ўжо мае неабходную суму для праектных прац, але, каб іх пачаць, неабходны афіцыйны дазвол уладаў.
— У гэтым годзе праведзеныя археалагічныя даследаванні на месцы старога касцёла Святога Антонія, быў часткова адкрыты падмурак. Далей стаіць пытанне выдзялення зямлі для выканання праектных прац. З гэтым звязана магчымасць правядзення акцыі па збору фінансавых сродкаў для пабудовы касцёла. Бо пакуль не маем акта аб выдзяленні зямлі, мы не маем права распачаць збор сродкаў, — сказаў біскуп Віцебскі.
Аднаўленне касцёла Святога Антонія на яго гістарычным месцы — даўняя мара біскупа Алега Буткевіча.