Віншаванне на Божае Нараджэнне 2018 года Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
«Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14)
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Святкуючы ўрачыстасць Нараджэння Божага Сына, мы сустракаемся з таямніцай Божай любові да чалавека. 2018 гадоў таму яна аб’явілася ў Бэтлееме ў ноч Нараджэння Пана. Першымі яе сведкамі сталі пастухі, якія «вартавалі ўначы свой статак» (Лк 2, 8). Менавіта ім анёл аб’явіў вялікую радасць: «нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 11). «І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях» (Лк 2, 16). Яны сталі сведкамі падзеі касмічнага і лёсавызначальнага маштабу. «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Яны адкрылі на яе свае сэрцы, прынялі гэту таямніцу ў духу веры і вярнуліся ўжо з іншым настаўленнем да штодзённага жыцця, «праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі» (Лк 2, 20).
Дарагія браты і сёстры! Бог прыйшоў у гэты свет, каб яго адкупіць і перамяніць. Але не ўсе распазналі Збавіцеля свету ў нованароджаным Немаўляці. «У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся» (Ян 1, 10 – 13).
Умілаваныя! Будзем жа тымі, хто пазнаў Божую Любоў, прыняў яе і дзеліцца ёю з бліжнімі. Асабліва ў гэтыя святочныя дні ўзгадаем і будзем дзяліцца здабыткамі хрысціянскай традыцыі нашых продкаў, якая вучыць нас любові да сям’і, супольнасці Касцёла і Айчыны. З таямніцы Божага Нараджэння вырастае ўся прыгажосць і глыбіня каляднай традыцыі: вігілійная вячэра, калядкі і пастаралкі, аплатак і куцця, звычаі і абрады, якія будуюць нашу хрысціянскую ідэнтычнасць.
Няхай нованароджаны Хрыстус напоўніць вас сапраўднай Божай радасцю, верай, надзеяй і любоўю. Няхай Дзіцятка Езус благаславіць вас у новым 2019 годзе. Няхай кожны дзень надыходзячага года стане для вас благаслаўлёным часам адкрыцця Бога, а ў Ім – паўнаты шчасця.
Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
З пастырскім благаслаўленнем
+ Антоні Дзям’янка,
Біскуп Пінскі.