25 снежня – каталіцкія Каляды. “Не спі, абудзіся, Хрыстос нарадзіўся…”
Божае Нараджэнне – гэта менавіта тое свята, калі ніхто не павінен быць адзінокім. Аплатак, якім мы дзелімся, сімвалізуе не толькі Бэтлеем, горад хлеба, не толькі чысціню Езуса Хрыста, але і ўзаемную любоў, спагаду, дабрыню.
Жадаю вам у гэтыя святочныя дні шчасця і радасці. Той, хто радуецца, заўсёды трывае ў Богу, ходзіць у святле, як казаў святы апостал Ян. Хачу пажадаць, любыя ў Хрысце Пану браты і сёстры, не толькі радасці і ўзаемнай любові, але перш за ўсё Божага бласлаўлення. Хрыстос, які родзіцца тут, на зямлі, прыйшоў, каб збавіць кожнага з нас, ва ўбогай стайні, не ў палацы. І мы па Яго прыкладу заўсёды павінны схіляцца над беднымі і ўбогімі. А яшчэ памятаць, што Бог палюбіў кожнага з нас паасобку, Ён ведае нас па імёнах, мы важныя для Яго. Таму імкнёмся перажыць гэтыя святы, далучаючыся да Евангельскіх падзей, быць побач з Марыяй, Юзафам і Езусам. Няхай Бог вас усіх шчодра бласлаўляе, адорвае шматлікімі ласкамі і вядзе праз зямное жыццё да жыцця нябеснага ва ўзаемнай любові, спагадзе і шчасці. Няхай радасць Божага Нараджэння будзе з усімі вамі!
У парафіі Святога Міхала Арханёла праходзіць конкурс творчых работ да свята Божага Нараджэння. Сёстры Юлія і Ірына з адной з конкурсных работ.
Ксёндз Алег ЖУРАЎСКІ, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла.
Фота Віялеты ВОЙТКІ.