Ученики осиповичской СШ №2 знают, как сделать сказку своими руками!
Ужо хутка календары 2018 года перамесцяцца з рабочых сталоў у архіў, пакінуўшы ланцуг радасных і не вельмі дзён у мінулым.
А пакуль ідуць прыгатаванні да сустрэчы самага любімага ў народзе свята — Новага года.
УКП ЖКГ займаецца ўпрыгожваннем горада, а ў кожнай арганізацыі развешваюць атрыбуты свята, не пакідаючы без увагі і дваровую тэрыторыю. Дзясяткі яркіх гірлянд ужо ўспыхнулі на вокнах кватэр і прадпрыемстваў, а дзіцячыя ўстановы добра пазнаюцца па выцінанках, якія ўпрыгожылі класы і групы.
Выкарыстанне паслуг інтэрнэту ў апошнія гады дапамагло ўзнавіць крыху забыты жанр і ператварыць выцінанку ў сапраўдны твор мастацтва. Сюжэты аконных карцін захапляюць і радасна здзіўляюць сваёй разнастайнасцю, палётам фантазіі і майстэрствам творцаў. Чаго тут толькі няма! Ёлкі, цацкі, сані, якія нясуць Дзеда Мароза са світай на сустрэчу з дзецьмі, дзівосныя казачныя палацы, сюжэты казак…
Вось і ў сярэдняй школе №2 райцэнтра завяршаюцца афарміцельскія работы. Вучні 3 “Б” класа (на здымку) пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Галіны Ляпуновай пастараліся зрабіць свой унёсак у агульную справу і цяпер ведаюць, як вырабіць аб’ёмную сняжынку, гірлянду з зорачак або прыгожую выцінанку.
Iна ЗАСКЕВIЧ. Фота Ніны ЦАРЫК.