Не змаўкае гул рухавікоў у цэхах лесанарыхтоўчага ўчастка “Скачок” ГЛГУ “Бабруйскі лясгас”. Яго прадукцыя — запатрабаваная: асноўная маса вырабаў пастаўляецца на экспарт.
Машына за машынай — грузавікі з лесаматэрыяламі, нарыхтаванымі на тэрыторыі Бабруйскага лясгаса, штодзень пад’язджаюць на тэрыторыю ўчастка. Тут сыравіна сустракаецца з умелымі рукамі мясцовых працаўнікоў і ператвараецца ў неабходную сельскім спажыўцам прадукцыю.
Яна — заўсёды высокай якасці. Да гэтага прызвычаіліся дзелавыя партнёры з блізкага і далёкага замежжа, з якімі ў прадпрыемства даўно наладзіліся сур’ёзныя і трывалыя сувязі.
Як расказаў начальнік участка Міхаіл Гаўрыльчык, на бягучы год было запланавана вырабіць 5 тыс. м3 абразной дошкі. План — перавыкананы. Лесаматэрыялы пастаўляюцца ў Германію, краіны Прыбалтыкі.
Актыўна вядуцца работы ў суседнім цэху, дзе выпускаюць ацыліндраваныя вырабы. Яны запатрабаваны ў Бельгіі і Галандыі. Кожны месяц іх пастаўляецца не менш, чым па 350 кубаметраў.
Вытворчасць наогул можна назваць безадходнай, бо нават трэскі ахвотна купляюць у Польшчы — яны выкарыстоўваюцца для ўцяплення памяшканняў. Знаходзяцца пакупнікі і ў нашым, і ў суседнім Бабруйскім раёне на вырабы, жадаючыя могуць без праблем іх заказаць.
Аб’ёмы вытворчасці, якасць выпускаемай прадукцыі напрамую залежыць ад людзей, якія тут працуюць. Іх тут каля 50 чалавек, — добрасумленных і адказныях. У многіх з іх за плячамі шмат гадоў працоўнага стажу на гэтым месцы. У цэху ацыліндроўкі выдатна спраўляецца з абавязкамі станочніца Галіна Іошына. Добрых слоў заслугоўвае стаўленнне да абавязкаў Аляксандра Калістратава і Аляксея Душэўскага, якія займаюцца выпускам абразных піламатэрыялаў на экспарт. Абодва — спецыялісты са значным вопытам: Аляксандр на прадпрыемстве 25 гадоў, Аляксей — 15. Адказна — кожны на сваім месцы — працуюць работнікі цэху па вырабу абразной дошкі: майстар Ігар Баранчук, укладчык піламатэрыялаў Іван Еўдакімаў, станочнікі Канстанцін Прасекін, Сяргей Еўдакімаў і многія іншыя. Спрыт, фізічная сіла, уважлівасць, адказнасць для работнікаў лесаўчастка — гэта норма, а таму ў якасці выкананых заданняў кіраўніцтву сумнявацца не даводзіцца.
Побач з вопытнымі работнікамі — іх маладыя калегі, якія нядаўна ўліліся ў калектыў. Яны ўдала пераймаюць уменні ў старэйшых таварышаў.
Належная ўвага радавым работнікам, спецыялістам надаецца і з боку кіраўніцтва. Яны атрымліваюць дастойную зарплату, забяспечаны спецвопраткай, для іх створаны належныя бытавыя ўмовы, выдзяляецца харчовая прадукцыя.
Строга кантралюецца вытворчая дысцыпліна. Наладжаны працэс гаворыць сам за сябе: акцэнт прадпрыемства — на якасць выпускаемых матэрыялаў. Без гэтага канкурыраваць немагчыма.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Станочніца цэха ацыліндроўкі Галіна Іошына
Станочнікі цэху па выпуску абразных піламатэрыялаў Аляксандр Калістратаў і Аляксей Душэўскі
Станочнік цэху па вырабу абразной дошкі Канстанцін Прасекін
Станочнік цэху па вырабу абразной дошкі Сяргей Еўдакімаў
Майстар Ігар Баранчук
Укладчык піламатэрыялаў цэху па вырабу абразной дошкі Іван Еўдакімаў