78 семей в Кореличском районе находятся в социально опасном положении

Источник материала:  

Думаю, большасць з нас пагодзіцца з тым, што дзяцінства – самая радасная і шчаслівая пара ў жыцці кожнага. Калі табе пяць альбо дзесяць, галоўныя “праблемы” заключаюцца ў тым, каб матуля купіла новую цацку ці адпусціла даўжэй пагуляць. Але, на жаль, гэтай бесклапотнай парою могуць пахваліцца далёка не ўсе… Неверагодным болем адгукаюцца гісторыі, калі родныя бацькі становяцца не сябрамі, а сапраўднымі ворагамі свайму дзіцяці.

78 семей в Кореличском районе находятся в социально опасном положении

Сацыяльна небяспечная сям’я – такі статус для некаторых становіцца нечаканым прысудам і магчымасцю задумацца, а кагосьці гэта ўвогуле не хвалюе. І калі ў першых яшчэ ёсць шанец на рэабілітацыю, то апошнія нават не задумваюцца аб сваім страшным становішчы. А прычына пераважна адна – празмерная цяга да алкаголю.

На 1 лістапада бягучага года на Гродзеншчыне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 3414 дзяцей, у Карэліцкім раёне78. Асноўнымі прычынамі памяшчэння дзетак у сацыяльна-педагагічныя цэнтры з’яўляюцца п’янства бацькоў, антысанітарны стан жылых памяшканняў і запазычанасць за камунальныя паслугі. І здаецца, выхад ёсць заўсёды, але большасць гора-бацькоў проста не хоча яго шукаць, жывучы так, як падабаецца ім – не дзецям…

Рана ці позна прыхільнікаў спіртных напояў чакае дэградацыя асобы, якая запавольвае разумовыя працэсы, мяняе сістэму каштоўнасцей і светапогляд, а гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што бацькі ўвогуле забываюць пра самае дарагое ў іх жыцці – дзетак. А наступствам такіх выпадкаў служаць зводкі крымінальнай хронікі ў газетах і на экранах тэлевізараў. На жаль, не абыходзіцца без жудасных гісторый і ў нашым раёне… Да такой, напрыклад, можна аднесці выпадак у сям’і з Турэцкага сельсавета, у якой не аднойчы забіралі дзяцей, і якая ў выніку дайшла да свайго апагея – забойства матулі на вачах у дзіцяці. І калі браць пад увагу менавіта колькасць такіх сем’яў, іх нежаданне сыходзіць з жудаснага шляху, можна ўявіць, колькі слёз і болю прыйдзецца перажыць тым, каму проста не пашчасціла нарадзіцца ў шчаслівай сям’і…

ДАВЕДКА “ПОЛЫМЯ”
На дыспансэрным уліку ў нарколага ў Карэліцкім раёне знаходзяцца 766 чалавек (179 жанчын і 587 мужчын). У мінулым годзе — 739 чалавек (161 жанчына і 578 мужчын). Упершыню выяўлены 54 пацыенты, у 2017 годзе – 37.

У кожным раёне нашай рэспублікі праводзіцца рэабілітацыйная работа з бацькамі, якія дрэнна выконваюць свае прамыя абавязкі. Напрыклад, у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе клуб “Сямейная гасціная”, на базе якога спецыялісты спрабуюць давесці да розуму бацькоў тыя рэчы, якія, як мінімум, здольныя захаваць жыццё маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам. Але, шчыра кажучы, размовы, якія павінны дапамагаць, аказваюцца банальнай павіннасцю для гора-бацькоў.

– Часам здаецца, што чалавек зразумеў праблему і насамрэч гатовы вырвацца з няволі, якая душыць яго і ўсю сям’ю. Мы праводзім з ім размову, прапануем розныя метады лячэння, але праз нейкі прамежак часу ўсё паўтараецца зноў… І так раз за разам, – расказвае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама Вольга Дзмітрыеўна Базар. – Калі дзяцей забіраюць з сям’і і змяшчаюць у сацыяльна-педагагічны цэнтр упершыню, для многіх гэта становіцца громам сярод яснага неба. Яны нібы прачынаюцца ад зацяжной цемры і разумеюць: так жыць нельга. Спрабуюць выправіцца, але пасля таго, як дзіцячы смех зноў загучыць у іх хаце, вяртаюцца да былога. І, на вялікі жаль, такіх выпадкаў становіцца ўсё больш.

Бываюць сітуацыі, калі пасля вымушанай разлукі з дзецьмі бацькі апускаюць рукі і больш не робяць спроб вярнуць іх дадому, матывуючы гэта тым, што “ім там не дрэнна, а нават добра”. І працягваюць жыць так, як жылі раней – у беспрасветнай яме п’янства і надуманага шчасця.

У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб не асудзіць, а, у першую чаргу, дапамагчы сацыяльна небяспечным сем’ям. Але што рабіць, калі ў чалавека няма жадання змяніць сваё жыццё? Падарыць радасныя моманты свайму дзіцяці, выхаваць добрага і разумнага грамадзяніна сваёй краіны? Напэўна, якія б размовы не вяліся і якія б меры не прымаліся, галоўнае – пачаць з сябе. Убачыць радасныя вочы свайго дзіцяці, моцна абняць і зразумець – вось тое, што дае натхненне жыць. Вось мая шчаслівая і здаровая будучыня.

ДАВЕДКА “ПОЛЫМЯ”
За 10 месяцаў 2018 года з небяспечных сем’яў у вобласці было адабрана 316 дзяцей, у раёне – 14. У выніку прымянення мер, прадугледжаных Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей з небяспечных сем’яў”, бацькам вярнулі 320 дзяцей (10 дзяцей у 6 сем’ях раёна), прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. За перыяд дзеяння Дэкрэта ў біялагічныя сем’і вярнуліся 3712 дзяцей з 6577 адабраных, што складае 56,4%. Што тычыцца Карэліцкага раёна, то з сацыяльна-педагагічнага цэнтра вярнулі 207 дзяцей у 106 сем’яў (62%), а бацькоўскіх правоў былі пазбаўлены 73 чалавекі ў дачыненні да 125 дзяцей.

Вікторыя КАСЦЮК

←Новые дома, озеленение поселка, газификация деревень. События Кореличчины, про которые газета «Полымя» писала в 1965 году

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика