Жыццёвая філасофія Вольгі Церашчук

Источник материала:  
Жыццёвая філасофія Вольгі Церашчук
Жанчына года Шуміліншчыны
Жыццёвая філасофія Вольгі Церашчук

Жыццёвая філасофія Вольгі Церашчук простая і адначасова вельмі складаная. Яна пераканана, што жыццё пражыць трэба так, каб не было страшна паміраць, што сваім жыццём трэба славіць не сябе, не, а Бога, каб яму не было сорамна за сваё стварэнне.
Не кожны так дакладна можа акрэсліць свае жыццёвыя мэты і тым больш не кожны можа не адступаць ад іх. У яе ж атрымліваецца.

Жанчына і сям’я
Усё пачынаецца з сям’і. І Вольга Церашчук не праміне падзякаваць лёсу, што ёй пашчасціла на бацькоў, што Зафія Францаўна і Аляксандр Паўлавіч Алюліны выхоўвалі сваіх дзвюх дачок (Вольгу і старэйшую Святлану) у атмасферы даверу і адказнасці, клопату і любові. Бацькі ўсяляк стараліся развіваць сваіх дзяцей: вялікая дамашняя бібліятэка з пастаяннымі навінкамі, музыка, спорт, экскурсіі. А галоўнае, што б ні здарылася, дзяўчынкі заўсёды ведалі, што дама іх зразумеюць і падтрымаюць. Гэтыя сямейныя каштоўнасці сталі галоўнымі і цяпер ужо ў іх асабістых сем’ях.
Вольга Аляксандраўна разам з мужам выхоўваюць траіх дзяцей. Загадзя не планавалі, але цяпер яны вельмі шчаслівыя, што ў іх ёсць і Яўген, і Павел, і Анечка. А сёлетні год падарыў і ўнучка Марка – у старэйшага Яўгена ўжо свая сям’я.
“Усе сямейныя святы мы адзначаем разам – з бацькамі, з сям’ёй сястры, і гэта вельмі здорава, гэта проста шчасце”, – кажа наша гераіня.
А паездкі на прыроду, пікнікі, рыбалка – гэта ўжо ад гаспадара  Уладзіміра Церашчука, які, дарэчы, і іх з Вольгай сярэбранае вяселле прапанаваў адзначыць на прыродзе – з букетамі палявых кветак і шашлыкамі.
Жанчына і яе справа


Жыццёвая філасофія Вольгі Церашчук

В. А. Церашчук з вучнем 11-га класа Кірылам Крыўко.

Задаволіцца толькі домам, сям’ёй? Не, сёння гэтага недастаткова, сучасная жанчына здатная на большае, пераканана Вольга Церашчук. І сама ўдала спалучае работу і сямейныя справы. Так, даводзіцца ўставаць у 5-5.30, даводзіцца планаваць свой дзень, размяркоўваць сілы, але якое задавальненне атрымліваеш, калі ўдаецца ўзяць новую, няхай для іншых і нязначную, сваю вышыню.
Яна не баіцца працы. Яшчэ ў школе рашыла, што прафесію звяжа з хіміяй (такую шчырую любоў да прадмета ёй перадала Л. К. Крывенка). Спачатку хацела ісці ў медыцыну – у сярэбранай медалісткі былі ўсе шансы. Але школа будучага настаў-ніка пры ўніверсітэце імя Машэрава, якую скончыла, усё ж перацягнула яе ў педагогіку.
У 1997 годзе яна прыйшла працаваць у сваю  Шумілінскую СШ №1, дзе ўжо працавала старэйшая сястра Святлана. Першыя гады настаўніцтва, як і ў большасці педагогаў, былі няпростыя. “Але чым далей я працую, тым больш разумею, што школа – гэта маё, што вучні мнагакратна рэалізоўваюць мае мары”.
Вольга Церашчук выпрацавала і свае прынцыпы работы: “Пастаянна расці. Вучыцца. Адкрываць новае. Шукаць сілы, уменні і магчымасці, каб данесці веды да вучня”.
Яна не любіць хваліцца сваімі заслугамі, нават калі яе вучні становяцца пераможцамі прэстыжных алімпіяд. Абавязкова падкрэслівае, што да яе вучню многа далі бацькі, іншыя настаўнікі.
І яшчэ, яна пераканана, што, беручы ад дзяцей зарад маладосці і пазітыву, настаўнік проста абавязаны аддзячыць іх добрымі ведамі.
А дзеці, яны ж усё адчуваюць. Адзінаццацікласнік Кірыл Крыўко, які прыйшоў на дадатковыя заняткі, калі мы размаўлялі з Вольгай Аляксандраўнай, зазначыў: “Яна добрая. І справядлівая. Занадта добрая”.
Жанчына і яе захапленні
У душы кожнага чалавека ёсць куток асабістых задавальненняў. Вядома, на гэтыя задавальненні сучаснай працуючай жанчыне, якая мае сям’ю, не проста выкраіць час. І тым большую асалоду атрымлівае Вольга Церашчук, калі выпадзе час пачытаць добрую кнігу, узяць у рукі спіцы, кручок ці ніткі для вышывання, а ў нядзелю – выбрацца з дачкой Аняй у Евангельскую Царкву. Там, у царкве “Благодать” Хрысціян Веры Евангельскай Вольга Аляксандраўна вядзе заняткі ў нядзельнай школе і ўзбагачае сваю душу разуменнем сутнасці жыцця.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №94 ад 04.12.2018 г.

←Дождь с мокрым снегом и гололедица ожидается в Беларуси 5 декабря

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика