Працавітасці  ёй  не  пазычаць

Источник материала:  

Працавітасці  ёй  не  пазычацьЗначную частку свайго жыцця чалавек праводзіць на рабоце. І важна, калі яна прыносіць задавальненне. Як у выпадку з Нінай Арцёмаўнай Петрусевіч, якая працуе спецыялістам па ідэнтыфікацыі і падлікоўцам-лабарантам на малочнатаварным комплексе “Збішча” ААТ “Кароцічы”.

Прызнаецца, што работа яе знайшла сама. Восем гадоў таму галоўны заатэхнік гаспадаркі Ганна Майсееўна Серадзіна прапанавала жанчыне ўладкавацца лабарантам на старой ферме “Кострыцкае”.

– Паколькі вопыту не было, спачатку вагалася, – расказвае Ніна Арцёмаўна. – Разумела, што ад маёй работы залежыць многае. Я не баялася лішні раз спытаць, што да чаго, многаму навучылі старэйшыя калегі. Паступова ўцягнулася, і зараз мне прыносіць задавальненне мая работа. Калі два з паловай гады таму адчыніўся малочнатаварны комплекс “Збішча”, перайшла сюды. У мае абавязкі ўваходзіць фарміраванне і кіраванне статкам. Галоўны памочнік – камп’ютар. На кожнай карове ёсць спецыяльны чып, праз які ўзрост, вага, колькасць надоеных літраў, пладавітасць, гатоўнасць да рэпрадукцыі, хваробы, карацей кажучы, уся інфармацыя пра жывёлу паступае на экран.

–  Значыць, у вашай рабоце важна валодаць азамі інфарматыкі?

– Сапраўды, у камп’ютары трэба разбірацца добра. Паколькі спецыяльнай адукацыі я не мела, узнаўляла недахоп навыкаў на курсах у Мінску і Гродне. Пабывала на першым пабудаваным у нашай краіне малочнатаварным комплексе «Вязанка», які знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. І магу з упэўненасцю сказаць, што наш ні ў чым не ўступае.

Зараз на малочнатаварным комплексе “Збішча” знаходзіцца 765 кароў, з якіх 615 – дойныя. Сярэдні надой за 10 месяцаў гэтага года складае 5363 кг малака на адну карову. Збалансаваны корм і якасны догляд робяць сваю добрую справу: усё малако рэалізуецца гатункам экстра. Нездарма “Збішча” ў тройцы лідараў па выніках раённага спаборніцтва.

 Добрасумленнымі работніцамі з’яўляюцца аператары машыннага даення Ніна Дзям’янаўна Коваль, Валянціна Іванаўна Крук, Аляксандра Фёдараўна Гананайка, Алена Аляксееўна Казінец, Валянціна Васільеўна Ярмоліч. Узначальвае комплекс Ігар Пятровіч Леська.

Дарэчы, муж Ніны Арцёмаўны Рыгор Уладзіміравіч раней таксама працаваў тут тэхнікам-асемянатарам. Нягледзячы на тое, што жанчына кожны дзень у пяць гадзін раніцы ўжо на рабоце, паспявае яна даглядаць і сваю гаспадарку. І працавітасці ёй не пазычаць.

– Нават калі на выхадным, думаю пра работу, – усміхаецца жанчына. – Хвалююся, каб усё было зроблена своечасова і якасна. Таму часта тэлефаную, кантралюю працэс. Па-іншаму не магу.

Гледзячы на гэтую маладую жанчыну, цяжка паверыць, што ў яе ўжо дарослыя дзеці. Старэйшаму Генадзю 24 гады, скончыў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, працаваў настаўнікам фізікі ў Любані. Сярэдні Іван выбраў прафесію агранома і ўладкаваўся ў Мінску. Зараз браты, якія пайшлі ў армію ў адзін дзень, разам служаць у Пінскім пагранічным атрадзе. Дапамагае бацькам 14-гадовы Вадзім. Ніна Арцёмаўна ў сваіх дзецях душы не чуе і прызнаецца, што самае галоўнае, каб яны знайшлі сябе ў жыцці. І, як і яна, атрымлівалі асалоду ад сваёй работы.

 

←Запаветная планка – 5000

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика