Восьмага лістапада вёска Калоднае адзначыла свой 130-гадовы юбілей. Ля ўваходу ў мясцовы клуб усіх гасцінна сустракалі паляшук з паляшучкай на імправізаваным сялянскім падворку.
Пра тое, што да свята рыхтаваліся ўсёй вёскай, сведчыць багатая выстаўка работ мясцовых майстроў і ўмельцаў. У цэнтры Калоднага ёсць помнік у памяць аб заснаванні вёскі восьмага лістапада 1888 года. У 1895 годзе мясцовыя жыхары на ўласныя сродкі пабудавалі на вясковых могілках царкву ў гонар вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага. Асвяцілі яе восьмага лістапада 1896 года. Мясцовай царкве ўжо 123 гады. І сёння там гучыць малітва. У прастольнае свята прайшла святочная служба, а пасля вяскоўцы спяшаліся на свята сваёй вёсачкі.
Павіншаваць юбіляраў завіталі ўдзельнікі народнага клуба аматараў песні “Ярок” (кіраўнік Валерый Шуркала), якія распачалі святочную праграму.
Вёска Калоднае стала малой радзімай многім. Сярод іх Міхаіл Міхайлавіч Карсека, які шмат гадоў кіраваў Каладнянскай школай, быў старастам вёскі і шмат зрабіў для ўвекавечання гісторыі Калоднага.
Міхаіл Міхайлавіч павіншаваў землякоў са святам, згадаў тых людзей, якія шмат гадоў добрасумленна працавалі ў школе і падзякаваў прысутным за тое, што кожны робіць на карысць роднай вёскі. Прыйшоў на мерапрыемства Міхаіл Карсека са сваёй кнігай “Калоднае: выпрабаванне лёсам”.
Суправаджала мерапрыемства мультымедыйная прэзентацыя, якая адлюстроўвала асноўныя моманты гісторыі населенага пункта. У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронт пайшлі амаль 150 аднавяскоўцаў, больш 60 з іх загінулі. Памяць пра тых, хто не вярнуўся з франтоў, ушанавалі хвілінай маўчання.
З віншаваннямі выступіла старшыня Радчыцкага сельвыканкама Любоў Мікалаеўна Курак.
Ушанавалі бацькоў самага маленькага жыхара Калоднага Наталлю і Віктара Пашкевічаў. Любоў Мікалаеўна прывітала бацькоў і маленькага Ілью, уручыла ім падарунак. Наталля і Віктар павіншавалі землякоў са святам і выказалі падзяку арганізатарам мерапрыемства.
У гэты святочны дзень павіншавалі пары, якія шмат гадоў плячо ў плячо. 60 гадоў пражылі разам Марыя Мікалаеўна і Іван Паўлавіч Шэлесты, Міхаіл Міхайлавіч і Ганна Сцяпанаўна Карсекі, 50 –.Георгій Аляксандравіч і Вера Міхайлаўна Вішнеўскія, Аляксандр Нічыпаравіч і Галіна Сяргееўна Пацукевічы, а 55 годоў сумеснага жыцця адзначылі Васіль Адамавіч і Феафанія Якаўлеўна Война, якіх павіншавалі сёстры.
Самыя шчырыя пажаданні прагучалі ад дырэктара Каладнянскага ВПК яслі-сад базавая школа Святланы Андрэеўны Вішнеўскай. Стараста вёскі Ігар Яўгенавіч Яваровіч падзякаваў работнікам сельвыканкама, мясцовым жыхарам за ўнесены ўклад у добраўпарадкаванне вёскі. Сярод вялікай колькасці клапатлівых гаспадароў вылучылі Софію Васільеўну Ляўковіч і Яўгенію Уласаўну Краскоўскую.
З музычнымі нумарамі выступілі Кацярына Яваровіч, Ксенія Гаўрыленка, Вераніка Вернігара, Алена Герман, Максім Пашкевіч, Глеб Леська пад акампаніятарскае суправаджэнне Анатоля Сцяпанавіча Ложачніка. Прагучалі віншаванні і песенныя нумары ад артыстаў Фядорскага СДК (кіраўнік Аляксандр Барэйка).
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара