Звання “Малады чалавек года” ў галіне абслугоўвання насельніцтва ўдастоена Вера Яхнавец – спецыяліст І катэгорыі аддзела дырэктыўнага крэдытавання ЦБУ № 121 у г. Століне рэгіянальнай дырэкцыі па Брэсцкай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”.
З Белаграпрамбанкам Вера знаёма з дзяцінства: тут працавала яе мама, затым банк стаў першым рабочым месцам дзяўчыны.
Яшчэ будучы студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе атрымлівала спецыяльнасць эканаміста-менеджара, на трэцім курсе Вера паступіла завочна ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і атрымала яшчэ адну спецыяльнасць – спецыяліст банкаўскай справы.
З першых дзён работы ў банку імкнулася добрасумленна выконваць службовыя абавязкі, павышаць свой прафесійны ўзровень, актыўна ўдзельнічаць у грамадскай рабоце калектыву, горада і раёна.
– Атрымаць званне “Малады чалавек года” сярод некалькіх намінантаў – прэстыжная і значная ўзнагарода, — лічыць дзяўчына. – Разам з тым гэта абавязвае не зніжаць прафесіяналізму, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Пяць гадоў Вера працавала ў сектары кліенцкага менеджменту, дзе дасканала асвоіла такія напрамкі работы, як арганізацыя грашовага абароту, знешнеэканамічная дзейнасць і валютны кантроль. Цяпер яна ў аддзеле дырэктыўнага крэдытавання.
– Свой рабочы дзень планую: вылучаю галоўныя і другасныя задачы, — гаворыць дзяўчына. — Пры неабходнасці ўношу карэктывы, калі з’яўляюцца тэрміновыя задачы і даручэнні.
Кіраўніцтва характарызуе Веру Яхнавец як стараннага, адказнага, ініцыятыўнага спецыяліста, ветлівага чалавека, які заўсёды прафесійна дасць кансультацыю кліенту, адзначае дзяўчыну як творчую асобу, якая прымае актыўны удзел у грамадскім жыцці калектыву. З яе ўдзелам распрацоўваюцца сцэнарыі і канцэртныя праграмы да святаў, ідзе афармленне да Новага года і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. Пэўны час з’яўлялася пастаянным выпускаючым насценнай газеты “Банкнота”.
– Вера Пятроўна знаходзіць падыход да ўсіх кліентаў, — адзначае кіраўнік калектыву Таццяна Андрэеўна Чуракова. – Калі праходзіла рэарганізацыя нашага разлікова-касавага цэнтра ў цэнтр банкаўскіх паслуг, мяняліся супрацоўнікі ў аддзелах, пастаянныя кліенты гаварылі: “Вярніце нашу Верачку…”
Веру Яхнавец можна сустрэць падчас маладзёжных ініцыятыў і дабрачынных акцый, якія наладжвае як пярвічная, так і раённая арганізацыя ГА “БРСМ”, на турыстычных злётах, спартыўных мерапрыемствах і сярод валанцёраў. З актывістамі БРСМ неаднойчы наведвала раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр з акцыяй “У школу з Доб-рым Сэрцам”, праехала на мясцінах баявой славы раёна ў час мотапрабегу “Дарогамі Перамогі”, удзельнічала ў маладзёжным лагер-форуме “Прыбужжа-2017”.
Гэтая мэтанакіраваная дзяўчына пастаянна працуе над павышэннем сваёй прафесійнай кампетэнцыі, адукацыйнага ўзроўню і агульнага кругагляду. Прымала ўдзел у форуме “Новае пакаленне”, які праводзіла ААТ “Белаграпрамбанк”. Завочна закончыла факультэт міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, удасканальвае веды па англійскай мове, шмат падарожнічае. Стала ўжо звычкай наведваць Палескі драматычны тэатр падчас прэм’ерных паказаў і адпраўляцца ў Каляднае падарожжа за межы краіны. Лічыць, што чалавек сам робіць сваё жыццё яркім, калі напаўняе яго добрымі справамі і цікавымі падзеямі.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара