Словы гаворым штодзённа. Дома, на рабоце, у грамадскіх месцах. І як добра, калі сказанае і пачутае прыносіць толькі пазітыў у паўсядзённыя будні. На першы погляд, гэта здаецца вельмі простым. Але ж чаму яно часам не радуе нас?
Як даўно заўважана, слова лечыць і калечыць.
Іншы раз яго бывае дастаткова, каб падтрымаць чалавека ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэтак жа няшмат трэба, каб сапсаваць настрой на цэлы дзень. Чаму не задумваемся, калі адрасуем знаёмаму зняважлівыя словы? I гэты боль адчуваем толькі тады, калі бываем на месцы пакрыўджанага.
Сям’я адыгрывае вялікую ролю ў жыцці кожнага. I як добра, калі ў ёй пануюць павага і ўзаемаразуменне, няма сварак і папрокаў. Няпроста іншы раз стрымацца, каб не выказаць абразлівыя словы, якія да нічога добрага не прыводзяць. Тым больш, калі іх чуюць дзеці. Як адрэагуюць іх сэрцайкі, і як надоўга сказанае бацькамі застанецца ў дзіцячай памяці?
Слова, як добры лекар, патрэбна нашай душы.
Мілагучная матчына мова, як глыток крынічнай вады ў спякотны дзень. Чытаеш творы беларускіх класікаў — і адчуваеш гонар за роднае слова. А як захапляешся, калі слухаеш вершаваныя радкі на роднай мове ў выкананні дзяўчынак і хлопчыкаў на святах!
А вось пра гаворку вясковых людзей хочацца сказаць асобна. Яна — шчырая і адкрытая, у ёй шмат мудрасці ды прымавак. Кожны раз пасля творчых камандзіровак задаю сабе пытанне: чым яна прыцягвае?
Вяскоўцы ўніверсітэтаў не заканчвалі, навуковых прац не пісалі, а таямніцы жыцця ведаюць добра і гатовы падзяліцца гэтым каштоўным скарбам.
Як хочацца, каб так сустракалі наведвальнікаў усюды — у гандлёвых, медыцынскіх, банкаўскіх арганізацыях, у якія звяртаемся па сваіх патрэбах. I каб гаварылі проста, шчыра, адкрыта, з разуменнем адносіліся да запытаў. Здаецца, няшмат трэба: каб выслухалі і пачулі. Калі немагчыма вырашыць праблему ці аказаць дапамогу — падтрымалі добрым словам.
Не трэба саромецца гаварыць шчырых слоў, і ў асаблівасці блізкім людзям.
Як часта іх не хапае маці. Таго доўгачаканага, якое б узняло настрой, і ў роднага чалавека мінуліся дрэнныя думкі. Ды і калегам па працы яно ніколі не будзе лішнім, калі ідзе ад чыстага сэрца.
Імкліва бяжыць час. Старэюць бацькі, многія сябры пайшлі на заслужаны адпачынак, сталі бабулямі і дзядулямі… I калі ў кватэры раздаецца тэлефонны званок, то аказваецца, каб адчуць сябе шчаслівай, дастаткова пачуць голас аднакласніка і пагаварыць па душах.
Сапраўды, як было не раз заўважана: слова мае вялікую сілу. Як і тое, што найперш, чым штосьці сказаць, трэба добра падумаць. Іншы раз павучаннямі можна пакрыўдзіць альбо абразіць знаёмага. Трэба імкнуцца шукаць і знаходзіць такія словы, якія былі б своечасовымі і патрэбнымі.
Менавіта добрыя словы могуць змяніць многае.
Яны, як сонечныя праменьчыкі, якія асвятляюць і грэюць зямлю, і яна абуджаецца, і ўсё радуецца цеплыні і святлу. Так і чалавек, пра якога памятаюць, клапоцяцца, любяць, быццам зноў нараджаецца на свет…
Галіна СМАЛЯНКА