Да Дня аўтамабіліста і дарожніка. У дарожнікаў спраў хапае
Тэхніку рыхтуюць машыніст асфальтаўкладчыка Валерый МАКРЫЦКІ і асфальтабетоншчык Сяргей БУБНОЎ.
Сёлета ў параўнанні з мінулым годам работнікі ДРБУ-134 выканалі значна больш работ. Адрамантавана і здадзена ў эксплуатацыю 16,5 кіламетра дарог, што ў паўтара раза больш, чым летась. На дарозе Смаргонь – Дзевятні – Жодзішкі, каля агрэгатнага завода, быў пакладзены адзін слой асфальтабетону і апрацавана яго паверхня. Такая ж работа выканана на крыху больш чым кіламетровым участку дарогі Рымдзюны – Солы. На дарозе Каты – Сінькі – Наваспаск дарожнікам неабходна будзе адрамантаваць гравійнае пакрыццё, пабудаваць разваротную пляцоўку і ўстанавіць аўтобусны павільён. Выкананы работы на 3-кіламетровым участку гравійнай дарогі Смаргонь – Ябравічы. Пад увагай спецыялістаў дарожнай службы дарога Гарыдзеняты – Расла – Жодзішкі – Завідзяненты. Выбіраюцца самыя горшыя ўчасткі, складаюцца дэфектныя ведамасці, пасля чаго будзе выконвацца рамонт дарожнага палатна. І не толькі на названай вышэй дарозе, але і іншых.
Начальнік ДРБУ-134 расказаў і аб планах на наступны год. Адным з пунктаў – рамонт гравійнага пакрыцця дарогі Смаргонь – Дзевятні – Жодзішкі на ўчастку каля вёскі Пільці. Дарожнае палатно будзе падсыпана гравіем, нарэзаны кюветы. На дарозе Смаргонь – Шутавічы – Сівіца, ад Байбаў да павароту на Сінькі, прадугледжана ўкладка аднаго слою асфальтабетону і паверхневая яго апрацоўка. У належны стан будуць прыведзены ўчасткі дарогі Астравец – Тракелі – Солы, Гарыдзеняты – Расла – Жодзішкі, участак дарогі ад моста ў Снігянах да павароту на Валэйкавічы. У планах – рамонт моста ў Жодзішках, каля млына. Работу выканае спецыялізаваная арганізацыя “Аўтамост”.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.