На “Восеньскі кірмаш” запрасілі сваіх родных выхаванцы смаргонскага дзіцячага садка №10
Народу назбіралася багата – маці і таты, бабулі, брацікі і сястрычкі прыйшлі падтрымаць маленькіх артыстаў.
У сваёй установе мы шмат увагі надаем азнаямленню выхаванцаў з традыцыямі беларускага народа. У былыя часы паездка на кірмаш мела для нашых продкаў не толькі практычнае, але і забаўляльнае значэнне. Шырокі і багаты гандаль разгортваўся на плошчах, суправаджаўся вясёлымі гульнямі, выступленнямі артыстаў, тэатральнымі пастаноўкамі і, такім чынам, ператвараўся ў сапраўднае свята. Вось такое свята адбылося і ў нашай дашкольнай установе.
У зале панавала дабразычлівая, цёплая атмасфера. Дзеці спявалі беларускія песні, гулялі ў вясёлыя беларускія гульні, чыталі вершы, танцавалі беларускія танцы. Не абышлося без тэатральных пастановак. Жартоўная сцэнка з Янам і Янінай выклікала ўсмешкі на тварах гасцей.
Напрыканцы мерапрыемства ўсіх запрасілі ў гандлёвыя рады. Гандаль прысмакамі і дарамі восені ішоў бойка. Усё разышлося вельмі хутка. Найбольшым попытам карысталіся прысмакі, прыгатаваныя ўмелымі рукамі матуль і выхавальніка дашкольнай установы.
Гледзячы на шчаслівыя твары дзяцей і дарослых, якія не хавалі ўсмешку, разумееш, што свята атрымалася.
Такія мерапрыемствы развіваюць дзяцей духоўна. Хочацца быць упэўненымі, што нашы дзеці не стануць людзьмі, якія не помняць свайго роду, таму што народныя традыцыі выхоўваюць любоў да сваёй гісторыі, да сваёй Радзімы.
Наталля МУРАШКА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці яслей-сада