Солы: Як навучыць любіць сваю малую радзіму?
Наша сольская зямля вабіць сваёй багатай гісторыяй, цікавымі гісторыка-культурнымі і архітэктурнымі помнікамі, славіцца працавітымі і шчырымі людзьмі.
У нашым дзіцячым садзе выхаванне нацыянальнай самасвядомасці ажыццяўляецца кожную хвіліну: у гульнях, на занятках, у рознабаковых формах актыўнага адпачынку.
Адной з асноўных формаў работы па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў з’яўляюцца заняткі ў межах спецыяльна арганізаванай дзейнасці. Работа будуецца ў цесным супрацоўніцтве ўсяго педагагічнага калектыву з актыўным уключэннем бацькоў.
Дзеля таго, каб лепш пазнаць гісторыю сваёй малой радзімы, мы з выхаванцамі завіталі у краязаўчы музей школы. Цікавасць у дзяцей выклікаў адзін з экспанатаў - крамянёвая сякера, маленькая, светла-шэрага колеру. Ёй ужо чатыры тысячы гадоў. Гэтай прыладай працы карысталіся першыя насельнікі нашай мясцовасці.
Вялікую цікавасць у дзяцей вызвала паходжанне назвы нашай вескі.
Ах вы, Солы, мае Солы,
Скуль вы назву такую ўзялі?
Можа, многа ў зямлі вашай солі?
Можа, раніць яна карані?
А карані назвы вёскі ў балцкім слове “Sala” – востраў. І сапраўды, яе з двух бакоў амываюць рэчкі Кернава і Ашмянка. Існуе цікавая легенда аб яе нараджэнні.
На беразе Балтыйскага мора жылі дзяўчына і хлопец. Яна дачка багатага князя, а ён просты селянін. Бацькі не дазвалялі ім жаніцца. Маладыя рашылі ўцячы... Беглі яны дзень, другі... І апынуліся на беразе прыгожай ракі з беластволымі бярозамі. Тут і засталіся жыць і назвалі паселішча Солы.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя вырас у цэнтры кінатэатр “Мір”. Тут і пошта, і магазіны. Тут і гаманлівыя клёны, і прывабныя бярозкі, і чырвоныя гронкі рабіны ўвосень. Дзеці вельмі любяць хадзіць на экскурсіі па роднай вёсачцы.
Жана КАРВЭЦКАЯ, выхавальнік дашкольнай адукацыі Сольскіх ясляў-сада.