Яе жыццё – праца, клопаты… і байкі

Источник материала:  

Невысокая, хударлявая, з прыемным пявучым голасам жанчына, да якой я завітала напрыканцы верасня ў Колкі, уразіла сваёй працавітасцю, энергіяй, пачуццём гумару. І ўсё ж пасля развітання мяне не пакідала думка: адкуль столькі фізічнай і духоўнай моцы ў гэтай сталай жанчыны? Шмат зведала, выплакала слёз.

Нарадзілася Надзея Фёдараўна ў канцы 1944 года, 31 снежня, але маці запісала яе 4 студзеня 1945-га. Пасля школы Надзея паехала паступаць у сталічны політэхнічны тэхнікум. У школе вучылася добра, любіла матэматыку, таму і экзамен па гэтым прадмеце пры паступленні здала “на выдатна”. Шчаслівая вярнулася дадому. Але маці не зразумела той радасці. “Якая можа быць вучоба, калі ў калгасе працадні ставяць, а грошы не даюць? Што я табе змагу даць?” – гаварыла яна Надзеі. І яшчэ больш раззлавалася, калі па пошце прыйшоў выклік на вучобу. Не стала дзяўчына перашкаджаць, пайшла працаваць у будаўніча-мантажнае ўпраўленне. Будавала меліярацыйныя каналы, цягала на сабе бярвенні. Потым пашкадавалі дзяўчо і ўзялі рахункаводам-касірам у сельсавет. Хадзіла па вёсках за 60 рублёў заработку ў месяц, стамляла ногі. Потым кінула і пайшла на ферму.

Яе жыццё – праца,  клопаты… і байкі

Першы шлюб быў няўдалым. Прынёс хіба толькі дачку Таню. А вось з Пятром Равякам пражылі добра, але нядоўга. У 38 гадоў, цяжарная на апошнюю Лідачку, Надзея Фёдараўна засталася ўдавой. Усяго жанчына стала маці дванаццаці дзяцей. У дваццаць два дзянёчкі ад нараджэння ад запалення лёгкіх памёр сынок. Мішка ад хваробы пайшоў з жыцця ў 12 гадоў. Няма таксама ўжо Лены і Сяргея.

Узгадвае Надзея фёдараўна, як раслі яе дзеці.

– Печ у нашай хаце была гаспадыняй, – распавядае жанчына. – Да світання ішла на ферму даіць кароў, свае дзве да гэтага выдаю. Сяргей (светлая яму памяць) прачынаўся і ўзбіваў сметанковае масла. Я прыбягала дадому ў 6 гадзін, таркавала некалькі бульбін у зараней пастаўленае цеста і выпякала бліны. Дзеці па чарзе падыходзілі, бралі блін, мазалі маслам, зверху цукрам пасыпалі і снедалі. Выпівалі па шклянцы малака і беглі ў школу. А я да вялікага перапынку ў школе павінна была паставіць і згатаваць у печы па чыгуне кашы і баршчу ці расольніку. Хапала ўсім наесціся. А цяпер я не ўправілася б у той печы, прывыкла да газавай пліты. Сын Грыша сказаў, што раскідае мне ў гэтай хаце печ, замест яе невялікую грубку з плітой складзе. А на вызваленым месцы паставіць ванну і ўнітаз. Ванна тая ўжо куплена. Грыша мой, ды і  іншыя сыны майстравітыя. Усялякім справам іх бацька навучыў. Сам Пётр Іванавіч быў майстрам цяслярнай справы. Гарапашны быў мой муж.

А калі памёр, нам хату саўгас даў, а яна халодная, непатынкаваная. Дзеці малыя. Што рабіць? Звярталася ўсюды. А ў 1984 годзе паехала з двума сынамі аж у Маскву прасіць дапамогі. Праўда, пасля той паездкі мне ў хаце кацёл паставілі, электрыку ўсю зрабілі. Хата і сёння стаіць. А мне вось тут, на Калгаснай, стары домік купілі. Сюды за мной і дзеці пачалі пераходзіць. Жыву разам з дачкой Наташай і ўнукам-другакласнікам Уладзікам. Ён, як і я, матэматыку любіць. Разам задачкі рашаем. Наташа вывучылася на прадаўца, але працуе даяркай. Сын мой Лёня таксама часцяком з намі. Нежанаты яшчэ ў 37 гадоў. Хіба ж іх ажэніш цяпер? Старэйшыя пастваралі сем’і.

Я ўсім сваім дзецям адукацыю дала, хоць і не вышэйшую, але працоўныя спецыяльнасці атрымалі. Усе мае дзеці цудоўныя! Да таго, маю дзесяць унукаў і тры праўнукі. Вось Валодзіна дачка, мая ўнучка, днямі вяселле гуляць будзе. Нядаўна ў Ліды гасцявала ў Светлагорску, унука Сашку наведвала, бо яму аперацыю зрабілі. Сыны Дзіма і Грыша ў Калінкавічах жывуць, ездзяць на заработкі ў Маскву. Грыша нядаўна набыў сабе дом, рамонт робіць. Купіў мне парсюкоў, то і яму выкармлю, бо кабачкоў цэлы загон пасадзіла, ураджай добры, і бульбы таксама накапалі. Больш за 30 сотак зямлі апрацоўваем.  Конь у мяне, сама езджу на ім, ды і Лёня таксама. Хамуты яшчэ шыю.

Старэйшая дачка Таня жыве з сям’ёй у Херсонскай вобласці. Па спецыяльнасці заатэхнік, але працуе поварам у сталовай. Коля – аграном. Валодзя, што дачку замуж аддае, у міліцыі працуе. Ліда – прадавец насення ў магазіне. Я вось, бачыце, таксама насенне кветак “начной прыгажуні” сабрала, бо Лёня хутка прыедзе канём смецце з агарода вывозіць. Ён тут, у сельгаспрадпрыемстве, заняты.

На адной ферме адпрацавала даяркай 33 гады. Агульны мой працоўны стаж – 46 гадоў (Надзея Фёдараўна расклала перада мной граматы за высокія вытворчыя паказчыкі. Яна, дарэчы, ветэран працы, мае і ордэн Маці – аўт.). Шмат званняў надавалі, а які ў іх сэнс? Праўда, пенсію дадалі, то 413 рублёў маю.

У клуб паспяваю яшчэ наведвацца, выступаем калектывам з канцэртамі. Мой жанр – прыпеўкі, байкі, вершы. На гэта яшчэ памяць ёсць. А вось нож дзе пакладу, то тыдзень шукаю (смяецца – аўт.).

На сцэне трымаюся добра. Я ж з трэцяга класа ў мастацкай самадзейнасці.

– Дай Бог Вам здароўя, паважаная Надзея Фёдараўна, вытрымкі і пабольш шчаслівых хвілін!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←А вы праверылі свае печкі і коміны?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика