У мінулую суботу на Петрыкаўшчыне прайшла акцыя “Чысты лес”
20 кастрычніка па ініцыятыве лясгасу адбылася акцыя “Чысты лес” – падраздзяленні лясной гаспадаркі, школьнікі, а таксама калектывы арганізацый і ўстаноў прыбіралі лес і прылеглыя да яго ўчасткі ад смецця.
На запрашэнне арганізатараў на Петрыкаўшчыне адгукнуўся таксама раённы Савет дэпутатаў. Старшыня райсавета Сяргей Макарэвіч з дэпутатамі былі заняты на ўборцы ад смецця тэрыторыі зоны адпачынку “Гарыцы” бліз Петрыкава. Да іх працоўнага дэсанту далучыўся раённы аддзел Следчага камітэта на чале з начальнікам аддзела Сяргеем Насенем.
Як расказаў дырэктар лясгасу Юрый Апановіч, актыўнымі ўдзельнікамі акцыі “Чысты лес” традыцыйна з’яўляюцца школьнікі. На гэты раз вучні гарадскіх школ і гімназіі добраўпарадкоўвалі тэрыторыю ўздоўж дарогі ў напрамку парома і лясны сектар бліз другога пляжу.
Калектыў жа лясгасу прыбраў ад смецця зоны адпачынку па дарозе з горада на Муляраўку.
У. ЕСІПАЎ.
Фота аўтара і з архіва гімназіі.