Кармоў – на два гады наперад

Источник материала:  

Сезон асноўных восеньскіх палявых работ у сельгаспрадпрыемствах раёна набліжаецца да завяршэння. Сёлетні год для аграрыяў быў досыць спрыяльным у плане корманарыхтоўкі.

З добрым запасам нарыхтавана кармоў у аддзяленні “Мышанка” УП “Палессе-Аграінвест”. Як адзначыла кіраўнік аддзялення Людміла Кілбас, па стане на 15 кастрычніка тут нарыхтавана больш 13,5 тысячы тон кукурузнага сіласу, каля 9 тысяч тон сенажу плюс 600 тон у палімерных рулонах, якія засталіся з мінулага года, і 1200 – сёлетніх, 1200 тон сена і звыш 1300 тон плюшчанай кукурузы. Так што пагалоўе ў 1400 галоў кармамі забяспечана, а па сіласе і сенажу – аж на 2 гады наперад. Нават з улікам павелічэння дойнага статка на 200 галоў, увядзенне хлява для якіх і новай даільнай залы плануецца ў бліжэйшы час, жывёла галадаць не будзе.

Разам з тым тут мяркуюць закласці асобную траншэю на 700 тон просам і алейнай рэдзькай. Гэты каштоўны бялковы корм будзе добрай падтрымкай узімку маладняку і дадаткам у рацыён дойнаму статку, якога на сёння налічваецца 425 галоў. Дарэчы, дзякуючы высакаякасным кармам і добра складзенаму рацыёну штодзень тут маюць па 23 літры малака ад адной галавы і рэалізуюць гатункам “экстра” звыш 9 тон сырадою.

Зараз кукуруза ў аддзяленні ўбіраецца агульным атрадам гаспадаркі на аддаленых плошчах – у Хвойні, потым – у Колках. Ёю было засеяна каля тысячы гектараў.

Што датычыць сяўбы азімых, дык асноўную яе частку праводзіў таксама агульны атрад гаспадаркі. Зараз сяўба вядзецца на вызваленых ад кукурузы плошчах механізатарамі аддзялення. Так, Мікалай Панфіленка заняты на сяўбе, падвозіць яму насенне Аляксей Мазуркевіч, рыхтуе культыватарам глебу Віктар Карабун. На ўказаную дату тут пасеяна 552 гектары з запланаваных 800. У дапамогу Мікалаю Панфіленку далучыўся днямі яшчэ адзін пасяўны агрэгат, і на сёння сяўба ў аддзяленні павінна быць ужо завершана.

А дзеля таго, каб усе сельгасработы праводзіліся якасна і ў тэрмін, гаспадарка пастаянна клапоціцца пра абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, сёлета для аддзялення “Мышанка” была набыта новая кукурузная сеялка на 16 радкоў “ТЕМРО”, якая засявае да 100 гектараў за дзень, энерганасычаны трактар “Massey Ferguson”, а таксама чакаецца пастаўка яшчэ аднаго такога ж трактара класам ніжэй, тэлескапічны пагрузчык, кормаўборачны камбайн “Krone BiG X 700”, якім за змену можна здрабніць больш 800 тон кукурузы, збожжаўборачны камбайн “Massey Ferguson” і прэс-падборшчык “KRONE COMPRIMA CF 155 XC”.

Дзмітрый БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Кармоў – на два  гады наперад

Механізатар Аляксей Мазуркевіч



Кармоў – на два  гады наперад

Сейбіт Мікалай Панфіленка

←Если тебе плохо – позвони!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика