Жыве спорт – жыве памяць
У мінулую суботу ў аграгарадку Чалюшчавічы адбыўся 22 розыгрыш кубка па футболе памяці Васіля Пінчука. У ім прыняло ўдзел 5 каманд: ДЮСШ, КСУП «Капаткевічы», футбольныя зборныя з Курыцічаў, Брынёва і Чалюшчавічаў.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Сенька, старшыня Чалюшчавіцкага сельвыканкама Ігар Русак, сын знакамітага земляка Аляксандр Пінчук і ветэран спорту і фізічнай культуры Аляксей Каюкала.
Са словамі пажаданняў спартыўнай рызыкі і перамогі да ігракоў звярнуліся Святлана Сенько і Аляксей Каюкала. Аляксандр Пінчук адзначыў, што за 22 гады правядзення турніру ў памяць пра яго бацьку Васіля Адамавіча з жыцця, на жаль, пайшло шмат удзельнікаў спаборніцтваў. І розыгрыш кубка – пацвярджэнне таму, што жыве памяць пра людзей, а спартыўнае жыццё, пачатае бацькам на чалюшчавіцкай зямлі, працягваецца.
Балельшчыкам у гэты дзень быў прапанаваны цікавы і захапляльны футбол. Турнір праходзіў па кругавой сістэме, каманды па чарзе згулялі 10 матчаў. Па выніках усіх сустрэч вызначылася каманда-пераможца і прызёры. Першае месца заняла каманда ДЮСШ, якая абыграла сапернікаў з Челюшчавіч з лікам 2:0, Брынёва – 5:0, Курыцічаў – 2:0. Другі вынік – у зборнай КСУП "Капаткевічы”. Трэцяе месца занялі футбалісты каманды «Курыцічы».
Дзяніс Хулуп уручыў пераможцам пераходны кубак і дыплом, прызёрам – дыпломы, а лепшым ігракам – грашовыя прэміі. Сяргей Пашкевіч з каманды КСУП «Капаткевічы» быў прызнаны лепшым нападаючым, Павел Семянчук з ДЮСШ – лепшым варатаром, Мікіта Картыннік з каманды «Курыцічы» – лепшым паўабаронцам, Валянцін Сарочык з каманды «Чалюшчавічы» – лепшым абаронцам.
Намеснік старшыні таксама ўручыў грамату райвыканкама Аляксандру Пінчуку з нагоды 80-годдзя вобласці і за ўклад у сацыяльнае развіццё нашага раёна.
Чалавек жывы, пакуль жывая памяць пра яго. Так і ў спорце. Мы шчыра захоўваем памяць пра Васіля Пінчука і іншых спартсменаў раёна. У верасні раптоўна пайшоў з жыцця выдатны чалавек, ініцыятар і на працягу шматлікіх гадоў арганізатар спартыўных спаборніцтваў Ігар Шастапалаў. Удзельнікі спаборніцтваў ушанавалі светлую памяць нашага калегі хвілінай маўчання.
Наталля ДВОРАК,
дырэктар ФСК “Ураджай”.