Доска почёта Шумилинского района Екатерина Кузьмина

Источник материала:  
У танца свая мова
Доска почёта Шумилинского района Екатерина Кузьмина

Сферу культуры на раённай Дошцы гонару прадстаўляе Кацярына Кузьміна, настаўнік Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў па класу харэаграфіі.
Вось яна ідзе – падцягнутая, стройная, спіна роўная, галава прыўзнята.
–  Як вам удаецца заўсёды трымаць сябе ў форме? – пачынаю я гутарку.
–  Працаваць трэба, у тым ліку і над сабой, – не задумваючыся адказвае Кацярына Сяргееўна.
–  Дык жа і іншыя працуюць…
–  Значыць, трэба больш працаваць.
Гэтая безапеляцыйнасць – ад унутранай самадысцыпліны, ад патрабавальнасці, найперш да сябе. Яно і зразумела: заняткі з пяці гадоў спартыўнай гімнастыкай і цыркавым мастацтвам далі трывалыя расткі.
Яна яшчэ доўга вагалася, падабалася ж і медыцына, але харэаграфія ўзяла верх.
З далёкага Екацярынбурга яна прыехала вучыцца ў Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча (цяпер – каледж культуры і мастацтваў), а пасля яго заканчэння аказалася ў Шуміліне. Прафесійнае станаўленне праходзіла ў Доме піянераў балетмайстрам (хаця заняткі з-за адсутнасці базы праходзілі ў РДК), потым працавала настаўнікам рытмікі ў СШ №1, якая ў тыя часы мела музычны ўхіл.
З 2005 года Кацярына Сяргееўна Кузьміна – настаўнік па класу харэаграфіі Шумілінскай ДШМ, вучыць дзетак (а ў яе зараз 40 выхаванцаў у чатырох групах) мастацтву танца, яго выразнай шматграннай мове. Гісторыка-бытавы танец – гэта адна мова, класічны – другая, сучасны эстрадны – трэцяя. А ёсць і яшчэ адна – мова “Экспрэсіі”, ансамбля барабаншчыц, якім паспяхова кіруе Кацярына Кузьміна і які не стамляецца нас здзіўляць новымі перамогамі ўжо і на міжнародным узроўні.
Кацярына Сяргееўна прызнаецца, што ў Шуміліне няма недахопу ў талентах. Іншая справа, што не кожны вытрымае нагрузку, зможа прымусіць сябе да вялікай працы.
Гэта толькі на выхадзе, калі танец чаруе нас лёгкасцю рухаў, нам здаецца, што гэта зусім проста, а на справе за гэтым стаіць сур’ёзная праца, пастаянныя рэпетыцыі і трэніроўкі.
Тыя ж барабаншчыцы, кажа харэограф, найперш вучыліся харэаграфіі, потым “збіраць у адно цэлае рукі-ногі-галаву”, калі трэба дроб барабанных палачак і танцавальныя рухі злучыць у адну кампазіцыю, прадэманстраваць зладжанасць і артыстызм у тым жа Радзецкім маршы ці Усходнім танцы.
Тым не менш, заўсёды ёсць куды расці. Гэта яны адчулі і на тым жа фестывалі-конкурсе ў Вялікіх Луках. І вось ужо Кацярына Кузьміна загарэлася асвоіць батан цвірлінг – такі неалімпійскі від спорту, у якім танцавальныя і спартыўныя рухі спалучаюцца з вярчэннем батана (металічнага стрыжня з гумавымі наканечнікамі), і ёй пайшлі насустрач: ужо закупілі батаны.
Але ж новая справа патрабуе новых ведаў і ўменняў. А кіраўнік заўсёды пачынае з сябе. Каб вучыць іншых, трэба ўмець самому. І яна не стамляецца вучыцца. І з раніцы ў якасці зарадкі, і пасля 19 гадзін, калі ў яе заканчваюцца заняткі ў харэаграфічных гуртках, паміж кухняй і гасцінай яна круціць батан, дробіць барабаннымі палачкамі, падбірае мелодыю пад новую кампазіцыю, а заадно мацуе цела і дух.
–  Адкуль бераце энергію?
–  Выхаванцы дзеляцца. Яны нават не падразумяваюць, што кожны з іх – адкрыццё. Часам яны самі, не заўважаючы таго, падкідваюць ідэі, дапамагаюць нараджэнню новай кампазіцыі. Натхненне дае і прырода, якой я ўдзячна за любую пару года. Вось зараз люблю няспешна ісці з работы на свой Брыкет і любавацца кожным восеньскім дрэвам, кожным колерам заходзячага сонца.
–  Вы знаходзіце сілы яшчэ і вучыцца завочна?
–  У нейкі час я адчула, што мне не хапае ўнутранага росту, і я паступіла ў Віцебскі дзяржуніверсітэт Машэрава, вывучаю сацыяльную педагогіку і псіхалогію і разумею, што вучоба мне сапраўды была неабходна.
–  А як жа Екацярынбург, у вас там засталіся родзічы?
–  Екацярынбург чакае. У мяне там мама, тры браты, сястра, пляменнікі, а яшчэ – бабуля, якая нядаўна справіла 100-гадовы юбілей. Не здзіўляйцеся, мая прабабка дажыла да 103-х. Вось закончу ўніверсітэт, і паеду ў госці. А пакуль што ўсе мае водпускі ідуць на вучобу, якая ўвесь час адкрывае для мяне нешта новае. А я люблю такія адкрыцці!
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з асабістага архіва Кацярыны Кузьміной.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2018 г.
←Сделаем нашу жизнь прекраснее!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика