Людзі Смаргоншчыны: Таццяна Рыцікава

Источник материала:  
Дзень нараджэння Таццяны Рыцікавай паміж двума прафесійнымі святамі: Сусветным днём фармацэўта і рэспубліканскім Днём работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. Асноўнай ідэяй сёлетняга свята Міжнародная фармацэўтычная федэрацыя абвясціла лозунг: “Фармацэўты – вашы эксперты ў галіне лекавых сродкаў”. А для яе асабіста і калег па “Фармацыі” гэты пастулат быў заўжды звычайнай справай у штодзённых стасунках з наведвальнікамі аптэкі.
Людзі Смаргоншчыны: Таццяна Рыцікава

Існуе такое жартоўнае выказванне, што калі лекі не дапамагаюць, то хворы пачынае лячыцца зёлкамі і малітвамі. Таццяна Рыцікава ведае, як перамагчы боль, цяжкі стан, хваробу, выкарыстоўваючы ў комплексе сродкі традыцыйнай і нетрадыцыйнай медыцыны. Як чалавек веруючы, яна глыбока пераканана, што медпрэпараты дзейнічаюць эфектыўней, калі чалавек сам настроены на выздараўленне, а настроіцца на патрэбны лад дапамагае малітва. У яе кабінеце побач з ганаровымі граматамі, падзячнымі лістамі і дыпломамі захоўваюцца рэліквіі, прывезеныя з паломніцкай паездкі ў Іерусалім. Ды і наогул, любое падарожжа Таццяна Мікалаеўна ўспрымае як сродак для паляпшэння фізічнага і духоўнага стану, як лекі ад хандры і дэпрэсіі.

Загадчыца раённай цэнтральнай аптэкі Гродзенскага РУП “Фармацыя” Таццяна Рыцікава на гэтай пасадзе амаль дзесяць гадоў. А ў аптэцы №99 працуе з 1991 года. У наш горад яе сям’я трапіла падчас перасялення з Чарнобыльскай зоны. Яе дзвюм малодшым сёстрам і брату пашчасціла застацца на роднай Магілёўшчыне, а ёй давялося ў сілу абставін адсяляцца ў іншую вобласць. Сыну тады было шэсць гадоў. Як толькі муж атрымаў кватэру ў мікрараёне Карані, Таццяна Мікалаеўна пераехала ў Смаргонь.

Працавала асістэнтам фармацэўта, рэцэптарам, правізарам, загадчыкам рэцэптурна-вытворчага аддзела, з 2001 года - намеснікам загадчыка цэнтральнай аптэкі. Сёння яе стаж ажно 37 гадоў. І ўсе гэтыя гады звязаны з дзейнасцю па аказанні аптэкарскіх паслуг. На яе вачах і пры самым непасрэдным удзеле адбываліся перамены ў фармацэўтычнай сістэме. Сёння значную канкурэнцыю складаюць прыватныя аптэкі. Таму спецыялісты, што працуюць у дзяржаўных, шукаюць новыя формы аказання паслуг, рэкламы сваіх тавараў, уносяць свой важкі ўклад у сферу аховы здароўя, асвойваючы новыя тэхналогіі. Напрыклад, ажыццяўляецца рэалізацыя лекавых сродкаў насельніцтву па электронных рэцэптах. На працягу апошняга года існуе такая паслуга, як інтэрнэт-браніраванне праз сайт заказу тавараў аптэчнага асартыменту.

Пры непасрэдным удзеле Таццяны Мікалаеўны ў апошнія гады адкрыліся пяць новых аптэк у розных мікрараёнах горада, праводзіцца рамонт памяшканняў старых устаноў рэалізацыі медпрэпаратаў. Шмат робіцца для падтрымання высокага прафесійнага ўзроўню спецыялістаў, што працуюць у аптэчнай структуры.

Свой жыццёвы юбілей Таццяна Рыцікава сустракае з добрым настроем і пачуццём задавальнення ад работы, стасункаў з унукам, якога ёй падарылі сын і нявестка. У яе шмат радні і сяброў, яе аўтарытэт паўплываў на выбар прафесіі пляменніцы, якая таксама абрала фармацэўтычны профіль. Адказваючы на пытанне пра мары, Таццяна Мікалаеўна працытавала верш Эдуарда Асадава “Аптэка шчасця”:

“Исчезли все болезни человека,

а значит, и лекарства ни к чему!

А для духовных радостей ему

Открыт особый магазин-аптека.”

Мая суразмоўца ўпэўнена, што прафесія фармацэўта яшчэ доўга будзе запатрабаванай, а тым больш спецыялісты, якія здольныя ўважліва выслухаць кліента, даць слушную параду, не толькі прапанаваць лекі, але і добрае слова падтрымкі ў нялёгкай сітуацыі.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота аўтара.

←С уважением к старости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика