Настаўніца з Жыліч Марына Церахава — пра любоў да прафесіі

Источник материала:  

Настаўніца з Жыліч Марына Церахава — пра любоў да прафесіі

 

Марына Церахава чацвёрты год працуе ў Жыліцкім НПК ДС-СШ настаўнікам хіміі. Яе ўрокі запамінаюцца вучням не толькі яркімі і цікавымі доследамі — рабяты цэняць і паважаюць маладога выкладчыка за любоў да прафесіі і прадмета, цікавую падачу матэрыялу, уменне захапіць і навучыць чамусьці новаму.
Пасля заканчэння МДУ імя А.А.Куляшова дзяўчыну, ураджэнку Магілёва, размеркавалі настаўнікамі хіміі ў Жыліцкую СШ (зараз — Жыліцкі НПК ДС-СШ). Прыступіўшы да працы, Марына ў першы ж год атрымала класнае кіраўніцтва. Спачатку, па яе словах, прыходзілася нялёгка, але цяжкасці толькі ўзмацнілі запал маладога спецыяліста. З часам яна асвоілася, у тым ліку дзякуючы калегам, якія ставіліся з разуменнем, ішлі насустрач і дапамагалі ў складаных сітуацыях.
Знайсці агульную мову ўдалося і з вучнямі. У адрозненне ад гарадскіх школ, дзе ў паралелі бывае па некалькі класаў, а ў кожным з іх — больш за 20 дзяцей, у Жыліцкім НПК ДС-СШ у класе звычайна ад 3 да 9 рабят. Але малая іх колькасць, як адзначыла Марына Церахава, не палягчае задачу, бо з кожным прыходзіцца працаваць індывідуальна, а ў працэсе ўрока задзейнічаны кожны вучань.

Хімія з’яўляецца асноўным прадметам Марыны Васільеўны, да таго ж настаўніца выкладае інфарматыку і біялогію. Менавіта дзякуючы сваёй любові да апошняга прадмета яна і абрала прафесію педагога. Натхніла дзяўчыну школьная настаўніца біялогіі, якая і цяпер з’яўляецца для яе прыкладам. А яшчэ ў класе быў уладкаваны «жывы куток», і Марына часцяком затрымлівалася пасля ўрокаў, каб з іншымі вучнямі даглядаць і клапаціцца аб падапечных. Калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, дзяўчына ўжо дакладна ведала, з якой справай хоча звязаць сваё жыццё.
Прафесія настаўніка — гэта, перш за ўсё, узаемадзеянне з дзецьмі, перадача ім сваіх ведаў. Самае каштоўнае ў працы, як прызнаецца настаўніца хіміі, гэта ведаць, што твае намаганні не марныя, бачыць у вачах дзяцей агеньчык. Асаблівае задавальненне атрымліваеш, калі на заняткі прыходзіць падрыхтаваны вучань, які ўважліва слухае і ўспрымае ўсё, што адбываецца на ўроку.
Як прынята лічыць, поспех настаўніка заключаецца ў дасягненнях яго вучняў. І да гэтага Марына Церахава прыкладае ўсе намаганні. Два апошнія гады яе вучань Віталь Арлоўскі займаў 2 і 3 месцы ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ/праектаў навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Кожны дзень у школе прыносіць нешта новае і праходзіць для Марыны Церахавай па-рознаму. Вучні сталеюць, фарміруюцца ў самастойных асоб. Паколькі дзяцей у Жыліцкім НПК ДС-СШ ня­шмат, паспяваеш бліжэй пазнаёміцца з кожным. Па-сапраўднаму цёплыя адносіны склаліся са сваім класам. Маленькія пяцікласнікі на вачах настаўніка за некалькі гадоў ператварыліся ва ўпэўненых у сабе, практычна дарослых дзевяцікласнікаў.
Шмат часу Марына Церахава прысвячае прафесіі, — выкладанне, курсы павышэння кваліфікацыі, але знаходзіцца час для ўласных захапленняў, апошняе з іх — гітара, дзяўчына нядаўна запісалася на заняткі ў мясцовую дзіцячую школу мастацтваў.
Галоўны рэцэпт поспеху ў любой справе — гэта па-сапраўднаму любіць тое, чым ты займаешся. Як сцвярджае наша гераіня, ёй у гэтым пашанцавала, бо яе акружаюць паслухмяныя вучні, добрыя калегі, а кожны дзень у сценах школы дорыць новыя эмоцыі і натхняе на будучыя справы.
Юлія ЗАВІШАВА.

←В Минске обнаружена организованная студентами нарколаборатория

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика