35 год назад новы будынак Войстамскай школы гасцінна расчыніў свае дзверы

Источник материала:  
Восень – незвычайная пара. Пара, калі ў прыродзе ўсё запавольвае, сцішвае свой рух, замірае. І толькі школа насуперак прыродзе ажывае, расцвітае, поўніцца дзіцячымі галасамі. І так дарэчы ўвосень адзначаюцца святы: Дзень ведаў і Дзень настаўніка.

Для Войстамскіх ясляў-сада - базавай школы гэта восень яшчэ і юбілейная. 

35 год назад у верасні 1983 года новы будынак школы гасцінна расчыніў свае дзверы. Школа здзівіла ўсіх сваёй веліччу і прасторай. А вядзе сваю гісторыю Войстамская школа з далёкага 1922 года. Да 1936 года ўсяго было 4 класы. А ў 1946 годзе ў Войстаме ўжо была школа-сямігодка. Пазней школа стала сярэдняй. 

35 год назад новы будынак Войстамскай школы гасцінна расчыніў свае дзверы

35 год назад новы будынак Войстамскай школы гасцінна расчыніў свае дзверы

З 1983 года школу ўзначальвалі Дзмітрый Мікалаевіч Дагоцкі, Святлана Эдуардаўна Махнач. З 2013 года і па сённяшні дзень пасаду дырэктара займае Ірына Шульга. Пад яе кіраўніцтвам школе ўдаецца крочыць у нагу з часам. Тэрыторыя школы, інтэр’ер абноўлены, вабяць вока і адпавядаюць сучасным патрабаванням. Заяўляе школа пра сябе на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях, дзякуючы перамогам яе навучэнцаў.

35 год назад новы будынак Войстамскай школы гасцінна расчыніў свае дзверы

Войстамская школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Школа дала грунтоўныя веды для многіх вучняў, якія з поспехам працягвалі вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, тэхнікумах, сталі выдатнымі спецыялістамі. Ганарыцца школа выпускніком 1966 года, таленавітым, творчым чалавекам Генадзем Пашковым – беларускім паэтам. Ён неаднаразова наведваў школу.

І, вядома, не было б ні перамог, ні выдатных выпускнікоў, калі б побач не было строгіх і ласкавых, цярплівых і чулых, мудрых настаўнікаў. Многія з іх ўсё жыццё аддалі педагагічнай дзейнасці. З удзячнасцю ўспамінаюць выпускнікі цікавыя, змястоўныя ўрокі заслужанага настаўніка БССР, выкладчыка біялогіі Мікалая Іванавіча Царыка. А вось настаўніца рускай мовы і літаратуры, выдатнік народнай асветы Вольга Васільеўна Альхімовіч была строгім, патрабавальным, але шчырым чалавекам. У яе можна было лёгка атрымаць як добрую адзнаку, так і не вельмі, таму вучні стараліся заўсёды вучыць яе прадмет, бо павярхоўныя веды настаўніцу не задавальнялі. Яна магла падаць матэрыял так, што міжволі заслухаешся, і ўвесь твор паўстае перад вачамі, як кінафільм.

Працавала ў Войстамскай школе і Яўгенія Барысаўна Кулевіч, якую Данута Бічэль называе апякункай майстроў беларускага слова. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яна займаецца даследчай дзейнасцю.

Шмат сіл, душэўнай цеплыні і энергіі аддалі школе Аляксандр Фёдаравіч Барысевіч, Слава Віктараўна Ляшчэвіч, Алена Канстанцінаўна Мілінкевіч, Ніна Васільеўна Няпеўная, Тамара Васільеўна Пашкевіч, Ядвіга Альфонсаўна Пашкевіч, Францішка Францаўна Сіневіч, Ганна Макараўна Сухарэўская, Марыя Баляславаўна Сухлабовіч. Яны і зараз рады сустрэчам з сённяшнімі вучнямі, каб падзяліцца з імі ведамі і багатым жыццёвым вопытам і ўспомніць непаўторныя гады настаўніцтва.

35 год назад новы будынак Войстамскай школы гасцінна расчыніў свае дзверы

Напярэдадні свята хочацца пажадаць настаўнікам ініцыятыўнасці і энтузіязму ў працы, імкнення самаўдасканальвацца, крочыць у нагу з часам, радасці і натхнення. А школе – яшчэ многія гады вітаць сваіх вучняў і  ззяць яркай зоркай на школьным небасхіле.

Тэрэса АЎТУШКА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “ВПК Войстамскі яслі-сад - базавая школа”.

←В торговле дичью и браконьерстве подозревают двух предпринимателей из Бобруйска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика