Спадарожнікі на працы і дома
Таццяна Радчанка марыла стаць настаўніцай яшчэ ў школьным узросце. Любоў да рускай і беларускай моў прывілі настаўніцы Вольга Бельская і Мая Грушко. Менавіта таму Таццяна Аляксандраўна пасля заканчэння Колкаўскай сярэдняй школы паступіла ва ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на філалагічны факультэт. Пасля заканчэння была магчымасць застацца ў горадзе, але не здрадзіла роднай вёсцы, вярнулася ў Колкі. Тут, як аказалася, вакансіі выкладчыкаў мовы былі заняты, таму дзяўчыне прапанавалі месца ў Сякерыцкай школе. Да яе ні многа ні мала – 7 кіламетраў. І штодзень філолаг крочыла ў школу на працягу 19 гадоў.
Праз два гады яе спадарожнікам да вясковай школы стаў Сяргей Іванавіч. Дваццаць восем гадоў ідуць яны разам і па жыцці. Пазнаёміліся, калі Сяргей прыехаў летам у Колкі ў будаўнічы атрад. Разам хадзілі на танцы, там і закахаліся. Дарэчы, Сяргей Радчанка выбраў педагагічную спецыяльнасць таксама асэнсавана. Скончыў Мазырскі педінстытут, адкуль выпусціўся выкладчыкам фізікі і працоўнага навучання. Сам вясковы, з Рэчыцкага раёна. Іх адносіны працягваліся на працягу двух гадоў. Потым вырашылі стварыць сям’ю. Таццяна Аляксандраўна ўгаварыла мужа пераехаць да яе. Рана пайшла з жыцця яе маці, трэба было падтрымаць бацьку. Так і засталіся жыць у бацькоўскай хаце.
У 1991 годзе нарадзілася Алёна. Але, як і іншыя настаўнікі, Таццяна і Сяргей менш удзялялі ўвагі свайму дзіцяці, больш – чужым. Для Алёны ж другім бацькам стаў дзядуля Аляксандр Галецкі. Таццяна Аляксандраўна ўзгадвае, як на золку будзіла дачку, заплятала ёй косы і ішла на працу. Дачка спала далей. А дзядуля потым карміў сняданкам унучку і адпраўляў у школу. Так Аляксандр Фядосавіч быў побач, калі Алёна ішла ў першы клас, так і кожны наступны год наведваўся на лінейкі, ды і на выпускным прысутнічаў таксама. Разам з дачкой і яе сям’ёй Аляксандр Фядосавіч пражыў у згодзе 25 гадоў. Сёлета ён пайшоў з жыцця, і Таццяна Аляксандраўна не можа ўсвядоміць гэты факт. Усё здаецца жанчыне, што бацька выйдзе са свайго пакоя, пагутарыць з ёй.
Алёна скончыла гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, стала эканамістам. Працуе ў букмекерскай канторы ў Калінкавічах. Замужам. Зяць Павел заняты на нафтаперапрацоўчым заводзе.
Вось ужо адзіннаццаты год Сяргей і Таццяна Радчанкі працуюць у колкаўскай школе, бо сякерыцкую закрылі. Добрымі словамі педагогі ўзгадваюць сваю працу ў тым калектыве. Таццяна Аляксандраўна ўдзячна за сяброўства і парады былому дырэктару Уладзіміру Бельку, настаўнікам Вользе Сароцы, Аляксандру Максімчыку і многім іншым.
Сёлета колкаўская школа атрымала статус базавай. Шкада, канечне, што дзяцей усё менш. На сёння ў школе толькі 33 вучні. Першакласнікамі сталі трое. Пяць гадоў таму Таццяне Аляксандраўне даручылі класнае кіраўніцтва. У гэтым цяпер дзявятым класе пяцёра хлопчыкаў. Кожны, са слоў настаўніцы, са складаным характарам. Трое з іх з няпоўных сем’яў, дзе іх выхоўваюць маці і бабулі. Цяжкавата змагацца з іх падлеткавымі пераменамі настрою і непаслухмянасцю. Але Таццяна Аляксандраўна дзе строгасцю, а дзе і лагодным словам імкнецца выхоўваць у вучнях дысцыплінаванасць і прагу да ведаў.
Былая вучаніца Таццяны Аляксандраўны Вера Мышкавец таксама стала настаўніцай і працуюць яны разам. Ёсць і цяпер вучні, якія падаюць добрыя спадзяванні. Так, летась шасцікласніцы Дар’і Мышкавец не хапіла двух балаў на раённай алімпіядзе па рускай мове для трэцяга прызавога месца. А два гады таму на цэнтралізаваным тэсціраванні Ганна Бялько набрала 76 балаў па рускай мове, летась крыху менш балаў было ў Алены Кананчук. У рытарычным майстэрстве на конкурсе добра паказала сябе летась Галіна Дзяцел.
Шмат таленавітых дзяцей і працоўных дасягненняў у Сяргея Іванавіча. Ён цяпер выкладае ў школе геаграфію. Да таго, ад капаткевіцкага цэнтра творчасці вядзе ў школе гурток “Самадзелкіны”. Сяргей Іванавіч са сваімі выхаванцамі займаецца мадэляваннем ваеннай тэхнікі. З кардону вырабляюць такое, што прафесіянал пазайздзросціць. Так, танк быў накіраваны ў вобласць на конкурс, а ў конкурсе “Тэхна-ёлка” Сяргей Іванавіч таксама здзівіў раённае журы. На кардонны каркас прымайстраваў былыя кампакт-дыскі, да яго згадзіўся стары прывад, і елка закруцілася, замільгала, заблішчэла.
Пра свае дасягненні Сяргей Іванавіч распавядае са сціпласцю. А вось Таццяна Аляксандраўна шчодра сыпле кампліменты на адрас мужа і небеспадстаўна. У маладосці, маўляў, наведваў клуб, іграў на гітары, спяваў. Дома ўсё ўпарадкавана яго рукамі. На рабоце ён таксама незаменны. Працуючы на палову стаўкі праграмістам, дапамагае калегам з камп’ютарнымі праграмамі. У маладосці вывучаў фотасправу, а цяпер і мастаком сябе спрабуе. Так, летась на конкурс да Дня настаўніка дапамог вучаніцы намаляваць партрэт настаўніцы.
Не сумна Таццяне Аляксандраўне і Сяргею Іванавічу разам. Планы, конкурсы, сшыткі… Разам на работу. Дома імкнуцца пакінуць за дзвярыма працоўныя пытанні, але не заўсёды атрымліваецца.
Са святам, паважаныя настаўнікі! Добрага вам здароўя, цярпення і ўдзячных вучняў!
Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.