Немаўляты атрымалі першы ў жыцці ганаровы статус “Дзіця міру”
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Зоя КРАЧКОЎСКАЯ, раённы педыятр Галіна ТРОНЗА, Надзея ЯНКОЎСКАЯ, член праўлення раённай арганізацыі Беларускага фонду міра Аліна ЯСЮКАЙЦІС і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марына НІКАЛАЙЧЫК.
Сёлета Беларускі фонд міру правёў шырокамаштабную акцыю, падчас якой усім маці, якія нарадзілі дзетак 21 верасня, былі ўручаны грашовыя сертыфікаты, а немаўляты атрымалі першы ў жыцці ганаровы статус “Дзіця міру”.
Днямі ў радзільнае аддзяленне Смаргонскай ЦРБ завіталі член праўлення раённай арганізацыі Беларускага фонду міра Аліна Ясюкайціс, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Зоя Крачкоўская, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марына Нікалайчык.
Яны павіншавалі з нараджэннем сына Аляксандра Надзею Янкоўскую і падарылі сертыфікат і мяккія цацкі. І хаця імя нованароджанага асацыіруецца з ваяўнічымі палкаводцамі, усё ж дакладны пераклад з грэчаскай мовы, як “абаронца”, дае падставы спадзявацца, што статус “Дзіця міру” паспрыяе таму, каб ён стаў у жыцці сапраўдным абаронцам спакою і міру ў свеце, носьбітам гуманных каштоўнасцей. Тым больш, што Саша – шостае дзіця ў мнагадзетнай сям’і Янкоўскіх, дзе выхоўваюцца старэйшы брат і чатыры сястрычкі шчасліўчыка.
Ала КЛЕМЯНОК.
Фота аўтара.