Дэкрэт №3 у дзеянні: У сельскай мясцовасці беспрацоўны заўсёды можа знайсці сабе работу
На сустрэчах з сельскімі жыхарамі прадастаўляецца неабходная інфармацыя аб тым, якія ёсць магчымасці па працаўладкаванні людзей, колькі вакансій. Сваю інфармацыю даводзіць да гэтых людзей начальнік падатковай інспекцыі Ірына Карабінская, якая ўваходзіць у склад камісіі па працаўладкаванні грамадзян, не занятых грамадска-карыснай справай.
Цяпер беспрацоўны можа зарэгістравацца як фізічная асоба, заплаціць адзіны падатак і аказваць іншым паслугі: калоць дровы, касіць траву, палоць, капаць у агародзе і гэтак далей. Падатковая інспекцыя нават распрацавала памятку і выдае яе тым людзям, якія прыходзяць на пасяджэнне камісіі па працаўладкаванні, каб яны маглі азнаёміцца з відамі дзейнасці, зарэгістравацца ў якасці фізічнай асобы і быць занятымі ў эканоміцы.
Аднак ёсць такая катэгорыя людзей, якіх, каб і хацелася, не працаўладкуеш, бо яны спачатку павінны прайсці курс лячэння ад алкагалізму. Так, пры нядаўнім наведванні назіральнай камісіяй Сольскага сельсавета мясцовы жыхар не змог паставіць у дакуменце свой подпіс, бо вельмі трэслася рука. Такія людзі, на жаль, не рэдкія ў наш час. Калі неабходна медыцынская дапамога, то трэба выкарыстаць і яе.
У склад камісіі з 25 чалавек уваходзяць прадстаўнікі праваахоўных органаў, аховы здароўя, падатковай інспекцыі, упраўлення эканомікі і сельскай гаспадаркі, іншых службаў. Усе яны прымаюць непасрэдны ўдзел у дапамозе беспрацоўным людзям, якія жывуць у сельскай мясцовасці, вырашаюць пытанне па іх працаўладкаванні ў сельгасарганізацыі паляводамі, жывёлаводамі.
Калі чалавек будзе заняты грамадска-карыснай справай, атрымліваць за гэта зарплату, то ён, хутчэй за ўсё, не стане ўчыняць крадзяжы, іншыя злачынствы.
Ёсць праблема з працаўладкаваннем асобаў, якія вяртаюцца дамоў пасля адбыцця пакарання ў месцах зняволення. Прычына ў тым, што не кожны з гэтых людзей гарыць жаданнем прыносіць карысць грамадству. Хаця яшчэ напярэдадні вызвалення папраўчыя ўстановы накіроўваюць адпаведную інфармацыю ў службу занятасці, цікавяцца, ці можа яна пасадзейнічаць у працаўладкаванні чалавека. І работнікі дзяржаўнай службы занятасці шукаюць магчымасць, каб дапамагчы гэтаму чалавеку.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.