Смаргонскі ЖРЭС заняў першае месца ў вобласці за лепшыя вынікі па ахове працы
Вядучы спецыяліст па ахове працы Таццяна ШЧАРБІНСКАЯ, інжынер па ахове працы Леанарда НОВАШ з узнагародамі.
У жыллёвай рамонтна-эксплуатацыйнай службе штодзённа праводзіцца работа па ахове працы. Спецыялісты гэтай службы кантралююць выкананне работнікамі ўсіх інструкцый, наяўнасць у іх спецадзення, каб яно было акуратным. Майстры ўчасткаў звяртаюцца ў службу аховы працы, цікавяцца, як лепш арганізаваць рабочы працэс, правільна ўстанавіць агароджанне на рамантуемых аб’ектах.
У ЖРЭСе ўкаранёна сістэма кіравання аховай працы, ёсць адпаведны сертыфікат, які быў выдадзены ў 2013 годзе. Потым яго прыйшлося пацвярджаць на адпаведнасць прад’яўляемым патрабаванням. Вось і сёлета ў ЖРЭС прыязджалі спецыялісты, правяралі, як выкарыстоўваецца сістэма аховы працы, і падоўжылі дзеянне сертыфіката да 31 ліпеня 2019 года.
Вядома ж, парушэнняў няма там, дзе ніхто нічога не робіць. Дробныя парушэнні здараюцца і ў ЖРЭСе, але тут іх хутка ўхіляюць. Спецыялісты па ахове працы пастаянна бываюць на розных вытворчых участках жыллёвай рамонтна-эксплуатацыйнай службы, запісваюць парушэнні ў журналы кантролю, выдаюць майстрам прадпісанні на ўхіленне недахопаў. Прычым праверкі праводзяцца не толькі планавыя, але і пазапланавыя. Калі які-небудзь майстар не папраўляе становішча спраў, то яго чакае пакаранне.
У майстроў на ўчастках ёсць алкатэсты. Кожны кіраўнік сярэдняга звяна абучаны рабоце з гэтым прыборам. Адміністрацыя ЖРЭСа выдала загад аб праверцы пры дапамозе алкатэстаў усіх работнікаў арганізацыі. Ім выдадзены індывідуальныя муштукі для таго, каб штодзённа маглі прайсці праверку на алкатэсце.
Сочыць служба аховы і за тым, каб у работнікаў, якія працуюць на дахах дамоў, былі замацаваныя страховачныя паясы, а пры выкананні работ з будаўнічых рыштаванняў – на галовах каскі. Будаўнічыя рыштаванні, шчыты правяраюцца на трываласць, а таксама агароджанне зоны, дзе працуюць работнікі ЖРЭСа.
Летась у жыллёвай рамонтна-эксплуатацыйнай службе прайшла атэстацыя працоўных месцаў, былі выкананы неабходныя замеры, па выніках якіх шкодныя ўмовы засталіся толькі на некалькіх працоўных месцах.
У ЖРЭСе пытаннямі аховы працы займаюцца 19 грамадскіх інспектараў. Як адзначыла вядучы спецыяліст аднайменнай службы Таццяна Шчарбінская, яны дапамагаюць майстрам выяўляць парушэнні на працоўных месцах, далучаюцца да праверак, якія праводзяць работнікі службы аховы працы. За старанні дадаецца адзін дзень да водпуску грамадскіх інспектараў, лепшых з іх адміністрацыя ЖРЭСа заахвочвае матэрыяльна.
Напрыканцы трэба адзначыць, што ў жыллёвай рамонтна-эксплуатацыйнай службе са студзеня па жнівень на ахову працы ў разліку на аднаго работніка было выдаткавана 665,8 рубля. Згадзіцеся, што гэта немалая сума грошай на неабходную справу.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.