Вечар паціху апускаўся на зямлю. За вокнамі шарэла, і жанчына паспяшалася ўключыць святло. Зазваніў тэлефон — і яна ўзрадавалася: размова з дачкой абяцала быць доўгай і па душах.
«Пра што можна гаварыць кожны дзень?» — дакараў муж. Разумела, што праўда была на яго баку, але любіла размаўляць з дачкой. Маці цікавіла ўсё, што адбылося ў яе за дзень.
Размова па тэлефоне можа крыху супакоіць і прыўзняць настрой.
«Малыя дзеці — малы клопат, вялікія дзеці — вялікі клопат», — гавораць у народзе. І гэта сапраўды так. Калі яны вырастаюць — не заўважаеш, а за дарослых дачок і сыноў перажываеш не менш, чым у дзіцячыя і школьныя гады. «Як яны там? — неаднойчы прамільгне думка. — Ці ўсё ў парадку? Ці здаровыя? Ці ўсё ладзіцца на працы?» Размова па тэлефоне можа крыху супакоіць і прыўзняць настрой.
Маці гатова дараваць усе крыўды і памылкі.
Існуе меркаванне, што сэрца маці адчувае дзяцей на адлегласці. Падкажа, калі не ўсё ладзіцца ў роднай крывіначкі. Успамінаю не раз пачутае выказванне: «Так любіць, як маці, ніхто не можа». У гэтым не раз пераконвалася, калі сустракалася з гераінямі сваіх будучых замалёвак і па-добраму радавалася велізарнай мацярынскай любові. Маці гатова дараваць усе крыўды і памылкі. Перажывае, каб усё было добра. Іншы раз пачынаеш здзіўляцца: адкуль у яе бяруцца сілы? Вытрымаўшы шмат цяжкасцей на сваім жыццёвым шляху, яна не скардзіцца на лёс і непаслухмянасць дзяцей і ўнукаў. З годнасцю нясе свой крыж і моліцца за іх.
Дзеці вырастаюць і пакідаюць бацькоўскі дом. Яны ствараюць свае сем’і, у якіх таксама растуць дзеці, і любяць гэтак жа моцна, як калісьці любіла і прадаўжаё любіць іх маці. У мітуслівым жыцці некаторыя забываюць патэлефанаваць ці наведаць сваіх старэнькіх матуль. Болем у сэрцы адгукаюцца словы адказных асоб на раённых нарадах пра тое, што трэба накіраваць пісьмы дарослым гора-дзецям. У допісах заклікаюць наведаць бацькоў і абуладкаваць іх быт.
Трэба паспяшацца да роднага парога, пакуль жывуць бацькі.
Няўжо пра гэта трэба напамінаць сынам і дочкам? Хіба яны самі не ведаюць і не памятаюць пра тое, што на гэтай зямлі жывуць родныя людзі? Іх абавязак — дагледзець маці і бацьку. Трэба паспяшацца да роднага парога, пакуль жывуць бацькі. Ні ў якім разе не адкладваць свой «візіт» на заўтра, каб не спазніцца. Яны чакаюць і рады кожнай сустрэчы.
Галіна СМАЛЯНКА