ДРЫФТ-ТРАЙК: АДРЭНАЛІН, СПОРТ, КРЭАТЫЎ
5 жніўня сёлета праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы па дрыфт-трайкінгу, у якіх прыняў удзел хлопец з нашага раёна і заняў разам са сваім сябрам трэцяе месца сярод сямі каманд. Сёння пра новы напрамак у вела-мотаіндустрыі раскажа ўраджэнец Капаткевічаў Андрэй Ткач.
– Андрэй, віншуем з “бронзай”, і ўсё ж, што такое дрыфт-трайкінг?
– Абсалютна новы тып транспартнай тэхнікі. Дрыфт-трайк – гэта трохколавы матацыкл або ровар з заднімі коламі ад картынгу. Часта выкарыстоўваюць колы ад ровара або мапеда дыяметрам каля 20 дзюймаў.
Колы здуваюць, надзяваюць накладку і зноў надуваюць – атрымліваецца гатовае кола для дрыфтынгу.
Накладкі выкарыстоўваюць для памяншэння счаплення з дарогай. Гэта неабходная ўмова дрыфт-трайка. Калі счапленне задніх колаў будзе добрае, то трайк не будзе ўваходзіць у занос, што дрэнна паўплывае на яго кіраванне. Гэтак жа на пярэдняе кола мацуецца тормаз.
З прывадам можна катацца дзе душы заўгодна. Галоўнае – роўная паверхня, каб не падвяргаць небяспецы сябе або іншых удзельнікаў руху.
– Адкуль прыйшоў гэты накірунак?
– Дрыфт-трайк быў створаны ў Новай Зеландыі хлопцамі, якія ладзілі заезды на аўтамабільных трасах, гоншчыкамі, якія спускаліся па серпантыне ў патоку машын.
Дрыфт у час руху адразу прыцягнуў увагу грамадства. Затым пачаў распаўсюджвацца па ўсім свеце. І на дадзены момант развіваецца вельмі актыўна.
Першая афіцыйная заява, у якой згадваецца дрыфт-трайкінг, была зроблена ў 2011 годзе ў ЗША. У гэты год была створана першая Асацыяцыя дрыфт-трайкінгу. У Беларусі ёсць некалькі груп людзей, якія займаюцца папулярызацыяй гэтай тэматыкі – у Брэсце і Мінску. Мы займаемся ў Гомелі.
– Як ты прыйшоў у дрыфт-трайкінг?
– У мінулым годзе на MOTORFEST-2017 пакатаўся на дрыфт-трайку і зразумеў: трэба зрабіць некалькі штук самому.
Паколькі ў Беларусі толькі ў двух месцах ёсць клубы, то вырашылі арганізаваць свой у Гомелі, адзіны на сёння. Маю ідэю падтрымаў сябар з Гомеля Сяргей Герасіменка, які і зацягнуў мяне на дзень мотарфэсту, разам мы стварылі два клубы па дрыфт-трайку, хоць нашы кропкі гледжання часам разыходзяцца.
Жонка спачатку не падзяляла маіх інтарэсаў, але зараз добра разумее. Хоць за ўвесь час яна так і не пракацілася сама на трайку. Баіцца. А вось дачка катаецца па поўнай.
Я родам з Капаткевічаў, пасля школы паступіў у Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум на спецыяльнасць “Тэхналогія машынабудавання”. Таксама скончыў ГДТУ ім. П. В. Сухога па спецыяльнасці “Тэхнічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”.
З 2014 года прыйшоў у ААТ “Гомельпрамбуд” майстрам цэха металаканструкцый, дзе і працую па сёння.
– Што сабой уяўляюць спаборніцтвы?
– Арганізатарамі ствараецца траса са складанымі паваротамі. На трасе ёсць спецыяльныя пункты, на якія трэба наехаць заднім колам або максімальна наблізіцца да іх. Уся складанасць у тым, што гэта ўсё павінна быць у заносе.
Удзельнікі выпускаюцца парамі. Першы ўдзельнік павінен праехаць у заносе па зададзенай траекторыі да пэўнай кропкі, другі – ехаць таксама па траекторыі, але і максімальна блізка наблізіцца да першага ўдзельніка. У другім заездзе ўдзельнікі мяняюцца месцамі.
У бягучым годзе змагаліся за тытул Караля дрыфту. Гэта былі спаборніцтвы рэспубліканскага маштабу.
Дарэчы, у нас ёсць свая група ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Праводзім вучэбна-трэніровачныя заняткі. Пракат, арэнда, тымбілдынг, выязныя катанні, фотосесіі, карпаратывы, выступленні на вясельных мерапрыемствах – у нас магчыма ўсё.
Наш клуб часта запрашаюць на розныя мерапрыемствы: Дзень горада, аўтамабільныя баі, на розныя выставы і гонкі.
Для жадаючых мы можам прадаць трайк і камплектуючыя да яго, зрабіць дрыфт-трайк па ўласным праекце. Так што асвойвайце новую тэхніку разам з намі!
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з асабістага архіва Андрэя ТКАЧА.