З добрым настроем сустракае сваё прафесійнае свята працоўны калектыў Смаргонскага доследнага лясгаса
Працоўны калектыў Смаргонскага доследнага лясгаса з добрым настроем сустракае сваё прафесійнае свята, паколькі выконваюцца ўсе паказчыкі лесагаспадарчай дзейнасці, даходы перавышаюць расходы.
Як адзначыў галоўны ляснічы Сяргей Дурко, вясною было пасаджана 328 гектараў лясных культур на тэрыторыях Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Усе работы выконваюцца ў вызначаны тэрмін.
Сёлета на базе гадавальніка прайшоў рэспубліканскі семінар. Прысутныя былі прыемна ўражаны тым, як выконваюцца работы ў лесагадавальніку, якія выкарыстоўваюцца тэхналогіі і метады вырошчвання лясных культур. Па выніках рэспубліканскага семінара першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулікоў высока ацаніў вя-дзенне гадавальніцкай гаспадаркі, было рэкамендавана кіраўнікам і спецыялістам усіх лясгасаў Беларусі наведаць у бліжэйшы час Смаргонскі доследны лясгас і дэталёва вывучыць работу мясцовага лесагадавальніка.
Лесагадавальнік сябе акупляе. Акрамя таго, што ён забяспечвае сеянцамі і саджанцамі лясніцтвы лясгаса, дык яшчэ лішкі пасадачнага матэрыялу пастаўляе на экспарт. На працягу некалькіх апошніх гадоў наладжаны трывалыя сувязі са спажыўцамі з Расійскай Федэрацыі, якія купляюць саджанцы елкі, сасны. Сёлета пачалі прадаваць ім буйныя саджанцы – дрэўцы вышынёю метр ці два.
“Для нас не ўяўляюць ніякай каштоўнасці сібірскі кедр, розныя формы туй, а расіяне імі зацікаўлены. Кожны год яны прыязджаюць у Смаргонь, наведваюць лесагадавальнік, пазначаюць дрэўцы, якія купяць у бліжэйшы час. Кошт аднаго такога дрэва – 350 - 400 долараў у эквіваленце”, - сказаў Сяргей Дурко.
Сёлета была пабудавана і здадзена ў эксплуатацыю ў Трылесінскім лясніцтве лясная дарога працягласцю 7 кіламетраў 425 метраў ад вёскі Калпяя да граніцы з Вілейскім раёнам. Гэта дазволіць работнікам лясгаса асвоіць лесасечны фонд, які быў цяжкадаступны. Акрамя гэтага пабудаваная дарога пасадзейнічае лепшай ахове лесу ад пажараў.
У лясгасе распрацаваны план па навядзенні парадку ў лясных масівах. Амаль кожны тыдзень праводзяцца розныя акцыі, за парадкам сочыць лясная ахова. У лясах устаноўлены 7 фоталавушак, якія дапамагаюць выяўляць розныя парушэнні, у тым ліку забруджванне лесу бытавым смеццем. З пачатку года складзена ўжо 25 пратаколаў і пастаноў па фотафіксацыях лавушак.
Работнікі лясгаса вядуць барацьбу са шкоднікамі. На мяжы з Вілейскім раёнам у маі - ліпені каля 500 га лесу былі пашкоджаны рыжым сасновым пілільшчыкам. Прыйшлося распрацаваць меры па яго знішчэнні, выкарыстаць авіяапрацоўку лесу. Апырскванне хімікатамі з самалёта – дарогое мерапрыемства, але іншымі спосабамі цяжка змагацца з рыжым сасновым пілільшчыкам. Дапамагло яшчэ сухое надвор’е і халодныя ночы, бо шкоднік не любіць перападу тэмператур і гіне.
Смаргонскі доследны лясгас прадаўжае аказваць дапамогу гомельскім лесаводам у выпільванні ссыхаючых насаджэнняў. Сёлета смаргонцам было даведзена заданне па спілаванні дрэў на плошчы 30 гектараў. Гэта работа ўжо выканана, засталося толькі адтраляваць і вывезці бярвенні, потым рэалізаваць драўніну.
Прывезеных у лясгас для развядзення аленяў ужо выпусцілі з вальера, але пакінулі расчыненымі вароты, каб жывёліны маглі захо-дзіць у яго, бо туды па-ранейшаму завозяць кармы. Мясцовая лясная гаспадарка выйграла тэндар на атрыманне грошай ад выплаты дзяржпошлін на права палявання, каб за іх купіць яшчэ адзін статак аленяў. Дарэчы, выпушчаныя жывёліны прынеслі ўжо прыплод – трох алянят. Работнікі лясгаса спадзяюцца, што праз некалькі гадоў можна будзе ладзіць паляванне на аленяў.
Закончана рэканструкцыя паляўнічага комплексу ў Арэхаўцы з мэтай павелічэння яго даходнасці. І гэта прыносіць добрыя вынікі. Сёлета паляўнічы комплекс гадавы план выканаў за 8 месяцаў.
У лясгасе развіваюць і экалагічны турызм, возяць дзяцей на экскурсіі ў лясныя масівы, у тым ліку паказваюць завезеных нядаўна аленяў. Гарадскія школьнікі пабывалі там некалькі разоў, потым на базе паляўнічага комплексу ў Арэхаўцы быў праведзены раённы злёт юных эколагаў, у якім удзельнічалі прадстаўнікі васьмі школ.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.