Людзі Смаргоншчыны: Людміла Глябовіч
Жанчына вельмі добра памятае, як пасля заканчэння навучальнай установы па размеркаванні прыехала ў Смаргонь, выйшла з аўтобуса на аўтавакзале, які знаходзіўся тады на месцы цяперашняй “Журавінкі”, спытала ў некага з прахожых, дзе знаходзіцца лясгас, і пакрочыла з напакаванай сумкай на вуліцу Камсамольскую. Ішла, прыглядалася, каб убачыць будынак з адпаведнай шыльдай, і не заўважыла, як апынулася паблізу чыгуначнага вакзала. Потым пайшла назад, пільна ўглядаючыся ў размешчаныя абапал вуліцы пабудовы і, нарэшце, убачыла патрэбную. Будынак лясгаса быў драўляны, аднапавярховы і нічым не адрозніваўся ад жылых дамоў. А дзяўчына ўяўляла сабе, што ён будзе прыгожы, двухпавярховы, які яна бачыла ва Ушацкім раёне, дзе была на практыцы падчас вучобы ў Полацкім лясным тэхнікуме.
У Смаргонскім лясгасе Людміла Глябовіч атрымала накіраванне ў Крэўскае лясніцтва, працавала там майстрам. Праз нейкі час сям’я пераехала ў Смаргонь.
Людміла Іосіфаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ў яе добры муж, радуюць сваімі поспехамі дзеці. Сын вучыцца ў медыцынскім універсітэце на пятым курсе, будзе ваенным урачом. Адна дачка скончыла музычнае вучылішча ў Маладзечне і завочна паступіла ва ўніверсітэт культуры. Другая дачка пасля заканчэння тэхналагічнага інстытута працуе ў Мінску.
За час працы ў лясгасе Людміла Глябовіч пасадзіла нямала дрэў уласнымі рукамі. І цяпер, калі іншым разам едзе па дарозе каля Наваспаска і Суцькава, з задавальненнем глядзіць на зялёны астравок сасонніку і ўзгадвае далёкі суботнік, на якім работнікі лясгаса саджалі кволыя сасонкі.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.