ВЫНІК НАШАЙ ПРАЦЫ – СПРАВЯДЛІВАСЦЬ

Источник материала:  

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі Следчага камітэта. Прадстаўнік гэтай структуры старшы следчы следчага аддзялення Петрыкаўскага РАСК Андрэй Кашэвіч расказаў пра выбар працы і яе спецыфіку.

ВЫНІК НАШАЙ ПРАЦЫ – СПРАВЯДЛІВАСЦЬ

– Працую ў Следчым камітэце сем гадоў з часу яго стварэння, – пачаў мой суразмоўца. – Дагэтуль пасля атрымання дыплома ў Акадэміі МУС працаваў тры гады ў міліцыі. Як толькі нашу спецыяльнасць вынеслі асобна, усе следчыя сышлі ў наваствораны Петрыкаўскі РАСК. На жаль, многія і зараз нас не размяжоўваюць. Прыходзяць і пытаюцца: “Гэта Следчы камітэт або камітэт судовых экспертыз?”

Як вызначыўся з прафесіяй? Бацька мой быў звязаны з падобнай структурай, ёсць сваякі ў міліцыі, я ўжо ў шостым класе сярэдняй школы ведаў, чаго хачу.

Надзейны тыл – гэта мая сям’я, дзе ёсць клопат і падтрымка, з жонкай гадуем двух сыноў.

Называць спецыялістам сябе не люблю, бо гэта абмяжоўвае, а ў нашай справе трэба ўвесь час удасканальвацца, як і ў любой іншай.

Следчы – гэта не толькі чалавек з дыпломам, гэта чалавек з мноствам якасцей. Менавіта таму наша спецыяльнасць такая цікавая, шматбаковая. Справы нашы звязаны з рознымі прафесіямі. Іх трэба разумець, ведаць асаблівасці. Яны могуць быць звязаны з  дзейнасцю любых прадпрыемстваў, ва ўсім трэба быць “падкаваным”. Пры падрыхтоўцы да допыту, напрыклад, – перачытаць шмат інфармацыі, аж да таго, каб цалкам вывучыць новую прафесію.

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч аднойчы сказаў: вынік нашай працы – гэта справядлівасць. І не важна, справа лёгкая або складаная. Я з гэтым цалкам згодны.

Злачынцы ёсць розныя:  хітрыя і не вельмі. Самы цікавы выпадак, калі на месцы здарэння злодзей пакінуў свой пашпарт. Ці як аднойчы апрануў не сваю куртку.

Бывае і такое: мужчына выкраў грошы, на іх набыў спіртное і заснуў праз дарогу. Ці такі: мужчына пранік у хату, пахадзіў па пакоях, выпіў, прымерыў жаночае футра, назбіраў цэлую сумку розных прадметаў. І ўявіце сабе: ідзе такі прыгожы па цэнтральнай вуліцы горада. Нашы супрацоўнікі адразу звярнулі на яго ўвагу.

Існуе шмат самых банальных варыяцый, як вылічыць злачынцу, але таямніцы я не магу раскрыць.

Нагадаю, што мы актыўна агітуем выпускнікоў паступаць у Акадэмію МУС, праводзім інфармацыйныя сустрэчы ў сярэдніх школах або запрашаем навучэнцаў да сябе. Заўсёды гатовы адказаць на ўсе пытанні, звяртайцеся да нас па тэлефоне: 2-13-70.

Сяргей НАСЕНЯ, начальнік Петрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта:
– Сёлета мы палепшылі ўмовы працы – пераехалі ў новае памяшканне, зрабілі рамонт. Крымінальныя справы расследуюць 6 следчых. Ёсць вакансіі для жадаючых працаўладкавацца, запрашаем!
За бягучы год у вытворчасці знаходзяцца 266 крымінальных спраў.
Грамадзянам Петрыкаўшчыны пажадаю быць больш пільнымі, зачыняць дзверы, не пакідаць веласіпеды без нагляду. Пакуль у раёне лідыруюць выпадкі, звязаныя з крадзяжом, часцей з-за халатнасці саміх гаспадароў. Не лепшая сітуацыя з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.
Віншую калег са святам, жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту.

Падрыхтавала Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

←Претенденты на звание «Властелин села» в Гомельской области нарубят дров и запрягут лошадь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика