Мова Ермалаеўны – песня

Источник материала:  

Шмат людзей валодае прыродным дарам спяваць мілагучна і чыста, хаця музычнай адукацыі ўвогуле не маюць. У выкананне яны ўкладваюць душу, жыццёвыя перажыванні. Часцяком у іх рэпертуары любімыя песні – старонка ўласнага жыццёвага шляху. Песні натхняюць, прымушаюць задумацца, узгадаць мінулыя радасці і памылкі, якія звязаны з пэўным чалавекам. Не сорамна, слухаючы любімую мелодыю, і паплакаць… Гэта нармальныя пачуцці.

Жыхарка аграгарадка Колкі Надзея Мышкавец праз выкананне песень таксама можа расказаць пра сябе шмат. Гэта жанчына – сапраўдная крыніца станоўчай энергетыкі, якой яна дзеліцца з навакольнымі. Яе паважаюць на вёсцы за ўстойлівы характар, працаздольнасць і рознабаковасць, актыўную жыццёвую пазіцыю. Менавіта таму Надзея Ермалаеўна атрымала ў 2016 годзе ад старшыні сельвыканкама Ганаровую грамату за актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, прапаганду народнай творчасці і традыцый.

Мова Ермалаеўны – песня

Гэта ўзнагарода была прымеркавана да 25-годдзя Колкаўскага сельскага Дома культуры. Не забыўся пра жанчыну калектыў сельсавета і сёлета, калі ў лютым Надзея Мышкавец адзначыла сваё сямідзесяцігоддзе: прынеслі вазу, жывыя кветкі, скрынку цукерак. Зрабіць чалавеку прыемнае – дастаткова маленькай увагі і часцінкі цеплыні.

Калі я завітала ў госці да Надзеі Мышкавец, то ўбачыла  жыццярадасную, рухавую, маладжавую жанчыну ў прыгожай сукенцы. Шыю ўпрыгожвала нітка светла-ружовых караляў, а таксама просценькі царкоўны крыжык на нітачцы.

– Родам я з Акцябрскага раёна, з Ламавіч, – пачала Надзея Ермалаеўна. – У сям’і – старэйшая.

Замуж пайшла рана за сякерыцкага хлопца, які, дарэчы, быў на дзесяць гадоў старэйшы за мяне. Пражылі мы з маім Юрыем Ігнатавічам 45 гадоў разам. Пасля другога інсульту не паправіўся, памёр. Вось ужо дзесяць гадоў мінула.

Спецыяльнасць я ніякую не набыла, бо нарадзілася Наташа, затым Лена. Планавала першапачаткова быць цырульнікам, але не ўдалося ўвасобіць мару ў жыццё.

Муж паступіў у Буда-Кашалёўскі тэхнікум, калі наша Наташка пайшла ўжо ў першы клас. Ён загадваў мехмайстэрнямі. А я працавала буфетчыцай у сякерыцкай школьнай сталовай, затым загадвала гаспадаркай у садку. Таксама адпрацавала даяркай 15 гадоў. Затым была аперацыя на меніску, далі лёгкую працу і пайшла на пенсію.

На пенсіі мне не сядзіцца: займаюся нарыхтоўкай дзікарослых грыбоў і ягад.  Людзі збіраюць і прыносяць мне, а я здаю.

Калі пераехалі ў Колкі, а гэта ўжо 12 гадоў таму, то пачала наведваць клуб. У нас цудоўны калектыў. Мая Ягур – мастацкі кіраўнік, акампаніятар – Валянціна Малюшкова. Работнік дзіцячага садка Ніна Рэўка – пастаноўшчык танцаў. Танчыць таксама і Іна Каваленя – медсястра амбулаторыі. Сёлета з канцэртамі былі ў Чалюшчавічах, Пцічы, Петрыкаве. Транспарт прадастаўляе аддзел культуры.

Рэпертуар у нас разнастайны. І ўсё ж перавагу аддаём народным песням. Я люблю выконваць песні ансамбля “Бяседа” – “Толькі ты, мая мама, жыві”, “Не цалуй мяне!”. Таксама даспадобы песня “Ах, ноч, блакітная ноч!” А ў часопісе “Сябар пенсіянера”, які даўно выпісваю, там заўсёды просяць словы рамансу “Андалузская ноч”. Гэту песню выконваю з асаблівым задавальненнем (усе пералічаныя песні Надзея Ермалаеўна выканала і для мяне – аўт.).

Хачу сказаць, што ў нашай сям’і Бог надзяліў добрым голасам і маю сястру Тамару, якая жыве ў Акцябрскім раёне. Яна адпрацавала дырэктарам Дома культуры, цяпер на пенсіі, але занята яшчэ ў гэтай галіне. Другая сястра мая Зінаіда ў Лоеве, была  бухгалтарам. Брат Мікалай – у Светлагорску, ён заўсёды працаваў на Поўначы.

Добрымі людзьмі сталі і мае дзеці, за якіх перапаўняе гонар. Наташа стала педагогам. Жыве ў Астраўцы, выкладае гісторыю ў школе. Цудоўныя і яе дзеці, а мае ўнукі: Ягор – студэнт пятага курса Гродзенскага медуніверсітэта, вучыцца на павышаную стыпендыю. Такую стыпендыю атрымлівае і ўнук Павел – студэнт 2 курса БНТУ.

Лена жыве ў Колках. З “адзнакай” у свой час  скончыла Мазырскі будаўнічы каледж. Доўгі час працавала тут, у мясцовым сельгаспрадпрыемстве брыгадзірам будаўнічай брыгады. Апошнія два гады – прадаўцом у прыватным магазіне. Яе Маша стала педагогам, жыве ў Мазыры, замужам. Дарэчы, у мяне ёсць праўнук Ванька, які сёлета стаў першакласнікам. Унук Ілья  вучыцца ў 9 класе ў Колках.

“Залатыя” мае дзеці зрабілі мне ў хаце рамонт: вокны, дверы замянілі, столю, ламінат паклалі, кацёл замянілі. Цяпер у мяне ўсё па-сучаснаму. Іншы раз зайду на могілкі да свайго Юрыя Ігнатавіча і размаўляю з ім: “Няхай бы ты, Юра, пабачыў, як добра я цяпер жыву…”

Хапіла ў жыцці не толькі радасці, але і гора. І ўсё ж трэба жыць далей для дзяцей, унукаў, праўнукаў, радаваць аднавяскоўцаў і іншых слухачоў сваімі песнямі. Дзякуй ім, што прыходзяць на нашы канцэрты!

– Дзякуй і Вам, паважаная Надзея Ермалаеўна, за Вашу добразычлівасць, шырокую душу і цудоўныя песні! Моцнага здароўя, цёплых восеньскіх дзён і добрага настрою!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

←Минчанин несколько лет изготавливал "евро" и расплачивался ими, всего - более 300 купюр

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика