Не так страшна размеркаванне, як яго малююць

Источник материала:  

 

Не так страшна размеркаванне,  як яго малююцьДля многіх студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю на бюджэтнай форме навучання, пасля заканчэння ўстановы наступае адказны момант – размеркаванне.

Некаторыя  ўжо прыкладна ведаюць, куды пойдуць, для іншых жа месца работы – сюрпрыз. Як, напрыклад, для Ганны Андрэеўны Мясніковай з Жабінкі, якая прыйшла працаваць настаўніцай замежнай мовы ў Сямігосціцкую сярэднюю школу. Дзяўчына сёлета скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна і нават уяўлення не мела, куды яе адправяць працаваць. Таму вельмі хвалявалася перад пераездам і сустрэчай з новым калектывам. Што аказалася зусім дарэмна.

– Я ніколі не чула пра Сямігосцічы, – расказвае яна. – Адразу чамусьці паўстала перада мной нейкая забітая вёсачка з маленькай школай, дзе па некалькі вучняў у класе, няма ніякай інфраструктуры і ездзіць аўталаўка. З дапамогай інтэрнэта пачала шукаць вёску на карце. Бачу, што знаходзіцца побач з Альшанамі. Ад душы адлягло, бо агурочную сталіцу нашай краіны ведаюць усе. Значыць, не ўсё страчана, падумала я. Калі збіралася, перажывала: дзе буду жыць — хто захоча ўзяць на кватэру незнаёмага чалавека? І зноў жа памылялася. Як мне потым расказалі, месца жыхарства для мяне шукалі ўсёй школай. І далей мае жахі знікалі адзін за адным. Школа даволі вялікая, вучняў па два класы. У калектыве многа маладых настаўнікаў, з якімі я “на адной хвалі”. Адчуваю падтрымку, у якой, безумоўна, маю патрэбу. Таму шчыра дзякую ўсім.

– А як адчуваеце сябе ў ролі маладога спецыяліста? Як знаходзіце падыход да дзяцей?

– Шчыра прызнаюся, што цяжка быць адзіным настаўнікам нямецкай мовы ў школе, бо ўдзень можа быць па восем урокаў. Таму пакуль не атрымліваецца прыўнесці якую-небудзь “фішку” ў свой урок, каб больш зацікавіць дзяцей. А гэта для мяне прынцыпова важна. Я хачу бачыць зацікаўленыя вочы вучняў, каб яны ішлі на мае заняткі з ахвотай, а не проста адсядзець. Бясспрэчна, сельская школа адрозніваецца ад гарадской: узровень матывацыі дзяцей значна ніжэй, узровень ведаў таксама. Але мясцовыя вучні падкупляюць сваёй дабрынёй і шчырасцю, што не заўсёды можна сустрэць у гарадскога вучня. Пакуль яны мяне вывучаюць, уважліва сочаць за кожным маім рухам. Першыя дні бянтэжылася, а зараз звыкла.

– Значыць, не так страшна размеркаванне, як яго малююць?

– Сапраўды так. Зразумела, што ніколі не трэба баяцца чагосьці новага, бо толькі горш сабе робіш, пачынаеш “заганяцца” без падстаў. Зараз супакоіліся і мае бацькі, якім я даслала многа фотаздымкаў і відэа. Нават самі захацелі прыехаць. Насамрэч, прырода тут здзіўляе сваёй прыгажосцю.

 Наперадзе цэлы навучальны год. І цяпер я упэўнена, што ў мяне абавязкова ўсё атрымаецца.

Ганна Мельнік

←Чалавек і яго справа Калі ёсць пачатак – ёсць і завяршэнне

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика