Сімфонія сыру
Сыр – адзін са старажытных харчовых прадуктаў, вытворчасцю якога займаюцца многія народы: Галандыя, Італія, Францыя, Швейцарыя. Сыры гэтых краін заваявалі сусветную папулярнасць, сталі іх брэндамі.
Безліч сыроў і ў нашай “сінявокай”. Сыр – выдатны прадукт як для святочнага стала, так і для штодзённага меню. Лічыцца, што сыр узбуджае апетыт, нармалізуе недахоп мінеральных рэчываў і бялку ў арганізме. Пра карыснасць прадукта можна пісаць шмат тэарэтычных довадаў, але лепш за ўсё наведаць гандлёвыя кропкі і паспытаць гэтую смакату.
Петрыкаўскі філіял ПУП “Калінкавіцкі малочны камбінат” таксама не стаіць на месцы ў вытворчасці гэтага прадукту. Мы неаднаразова пісалі пра дасягенні і прызнанні нашых гатункаў мяккіх сыроў на шматлікіх конкурсах і выставах. Што казаць – малайцы нашы сыраробы! Трымаць планку поспеху на жорсткім рынку канкурэнцыі – каштуе напружання і нерваў невялікага калектыву.
Днямі выканаўца абавязкаў дырэктара філіяла Тамара Пашук запрасіла нас на вытворчасць, каб яшчэ раз расказаць пра гатункі і ўласцівыя якасці петрыкаўскага сыру.
– Сёння сыраробы штодзень выпускаюць больш паўтоны розных гатункаў мяккага сыру, у тым ліку эксклюзіўныя, якія больш нідзе ў Беларусі не вырабляюцца, – пачала Тамара Андрэеўна. – Пра кожны гатунак, а іх восем, хочацца некалькі слоў сказаць асобна.
Адно з першых месцаў па харчовым і энергетычным кошце належыць сыру “PEKORO”. Канцэнтрат найбольш каштоўных рэчываў, асабліва бялку, робіць гэты сыр такім.
Гэта арыгінальны сыр з сырадою вырабляецца з прымяненнем авечага ферменту, які зварочвае малако. Прыемны, пікантны смак характэрны для гэтага віду сыру. “PEKORO” слаба выціскаецца і выпускаецца свежым (без саспявання) альбо з непрацяглым саспяваннем да 7 сутак.
Фасуецца сыр па 150-300 грамаў. Харчовая каштоўнасць: тлушч – 11,6 грама, бялок – 20,4. Энергетычная каштоўнасць – 756 кіладжоўляў. Тэрмін прыдатнасці – 30 сутак.
Гэты сыр лёгказасваяльны і цудоўна падыходзіць для нізкакаларыйнага сняданку, грэчаскай салаты і мноства іншых страў.
Прыемна адзначыць, што вось ужо два месяцы запар мы працуем з мінскім прыватным прадпрыемствам “САНЕТ Дыстрыб’юшн”, якое пастаўляе нашу прадукцыю ў гандлёвыя кропкі сталіцы і іншыя рэгіёны краіны. Пачыналі з 140 кілаграмаў у дзень. А сёння пастаўлены заказ нам да 700 кілаграмаў сыроў. Для іх па спецыяльным заказе мы сталі вырабляць сыр “Адыгейскі лёгкі”.
Дарэчы, мяккі сыр “Адыгейскі” па водары і смаку нагадвае смак цудоўнага таплёнага малака. Ён надзвычай апетытны. Сушаныя кавалачкі чырвонай папрыкі і часнаку, а таксама сушаная зеляніна ў якасці напаўняльніка дадае прадукту прывабны востры водар.
Мала хто ведае, што адыгейскі сыр – натуральны антыдэпрэсант. Высокае ўтрыманне трыптафану дапамагае нармалізаваць настрой, змяншае заспакоенасць, паляпшае сон. Ён рэкамендуецца спартсменам, цяжарным і кормячым жанчынам, дзецям, сталым людзям, а таксама паслабленым, тым, хто перанёс цяжкія захворванні.
Сыр “Калінка” ідзе з паніжаным утрыманнем малочнага тлушчу, таму ідэальны для дыетычнага харчавання. На 100 грамаў сыру даводзіцца толькі 194 кілакалорыі. Кальцый, якога тут дастаткова, садзейнічае ўзмацненню касцяной тканкі, паляпшае стан валасоў. Прысутнасць патрэбных арганізму мікраэлементаў і вітамінаў садзейнічае таксама паляпшэнню работы сэрца і пячонкі, падтрымлівае нервовую сістэму, рэгулюе абмен рэчываў.
Сыр мяккі кісламалочны “Дыетычны” таксама будзе карысны тым, хто сочыць за здаровым харчаваннем. Цудоўна падыходзіць для пудынгаў, запяканак, блінчыкаў.
Сыр “Беларускі клінковы” абястлушчаны. Вырабляецца па традыцыйнай класічнай тэхналогіі. Гэта таксама нізкакаларыйны прадукт, багаты бялком, кальцыем і вітамінамі, неабходнымі для нашага здароўя і прыгажосці. Сыр выпускаецца ў выглядзе маленькага клінка масай 300-350 грамаў.
Трэба адзначыць, што ўпакоўка для сыроў ідзе вакуумная. А што датычыць сыравіны для прыгатавання нашай прадукцыі, то яна бярэцца самая лепшая. Так, малако гатункам “экстра” паступае з аддзялення “Бяланавічы” УП “Палессе-Аграінвест”.
Хочацца, каб жыхары і госці Петрыкаўшчыны абавязкова паспрабавалі нашу прадукцыю і знайшлі для сябе асалоду сырнага смаку і змаглі б ганарыцца сваімі мясцовымі вытворцамі.
– Будзем спадзявацца, што прыхільнікаў вашых сыроў стане значна больш!
Інга ГІЛЕНКА.