Дэкрэт №3. Магчымасці для беспрацоўных
Тамара Аляксееўна адзначыла, што на 1 верасня на ўліку знаходзіліся 114 беспрацоўных, а вакансій было 617, напружанасць склала 0,18 чалавека на адно працоўнае месца. Таму цяпер не беспрацоўныя шукаюць работу, а адміністрацыі прадпрыемстваў заклапочаны тым, дзе ўзяць людзей, каб вырашыць кадравае пытанне. І калі раней у складзе вакансій пераважалі служачыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі, то сёлета на пачатак гэтага месяца больш за 70% было вакансій па рабочых спецыяльнасцях. Нават ёсць вакансіі рознарабочых (падсобныя рабочыя, грузчыкі, прыбіральшчыкі памяшканняў і тэрыторый, кухонныя рабочыя), з’явіліся вакансіі некваліфікаванай працы. А на ўліку ў службе занятасці няхай і нямнога такіх беспрацоўных, але цяпер ёсць магчымасць прапаноўваць ім некваліфікаваную работу.
Паколькі не хапае кваліфікаваных спецыялістаў, то прадаўжаецца падрыхтоўка беспрацоўных на курсах ад службы занятасці. З пачатку года накіраваны на навучанне 61 чалавек. На базе мясцовага політэхнічнага ліцэя былі падрыхтаваны дзве групы па прафесіях “повар” і “прадавец”. А яшчэ ў гэтай навучальнай установе можна навучаць беспрацоўных розным будаўнічым прафесіям: электрагазазваршчык, цясляр-бетоншчык, муляр, тынкоўшчык. Практыкуецца навучанне пэўным прафесіям у Гродне, Лідзе, Ваўкавыску, Ашмянах. У апошнім горадзе можна атрымаць спецыяльнасць “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. За межамі нашага раёна беспрацоўных вучаць на машыніста крана, вадзіцеля пагрузчыка. Такія работнікі патрэбны прадпрыемствам і арганізацыям нашага горада. Запатрабаваная прафесія “вальшчык лесу”, якую можна атрымаць на курсах у абласным цэнтры. Хто з беспрацоўных мае сярэдне-спецыяльную адукацыю, то пры жаданні можа вывучыцца на карыстальніка персанальнай электронна-вылічальнай машыны з веданнем 1С бухгалтэрыі. Неўзабаве будуць набіраць беспрацоўных на курсы, якія праводзяцца не толькі ў Гродне, але і ў Лідзе. Там можна набыць прафесію цырульніка, майстра па манікюру і педыкюру, якія таксама запатрабаваны.
Начальнік службы занятасці Тамара Рамановіч паведаміла, што многа вакансій повара, таму для навучання гэтай прафесіі плануецца стварыць яшчэ адну групу з ліку беспрацоўных. Ёсць патрэба ў прадаўцах, паколькі ў горадзе адкрываюцца новыя магазіны. З будуемай атамнай электрастанцыі паступіла заяўка на прыбіральшчыкаў тэрыторый і памяшканняў, каб прывесці ў належны парадак аб’екты, якія дабудоўваюцца на пляцоўцы АЭС. У службе занятасці запісваюць усіх жадаючых часова папрацаваць на “атамцы”. Але спачатку гэтым людзям неабходна прайсці адпаведную праверку.
Служба занятасці аказвае бязвыплатную дапамогу беспрацоўным для арганізацыі імі ўласнай справы. Такую магчымасць ўжо выкарысталі 10 беспрацоўных. Двое з іх плануюць паехаць на курсы па навучанні асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ладзяцца ў Гродне. Курсы аднатыднёвыя. Усе беспрацоўныя, якія раней атрымалі субсідыі, навучыліся там арганізоўваць прадпрымальніцкую дзейнасць, складаць бізнес-план, размяркоўваць грошы і г. д. Людзі вяртаюцца з курсаў з гатовымі бізнес-планамі, эканамічнымі разлікамі і ў Смаргоні на камісіі абараняюць гэтыя бізнес-планы, пасля чаго прымаецца рашэнне аб прадастаўленні субсідый новым індывідуальным прадпрымальнікам. Для жыхароў горада – гэта 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, для вяскоўцаў, якія будуць там ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, – 15.
У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта №3 сёлета была створана пры райвыканкаме камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якая аказвае дапамогу беспрацоўным людзям. Два разы ў месяц праводзяцца пасяджэнні гэтай камісіі, у склад якой уваходзіць і начальнік мясцовай дзяржаўнай службы занятасці Тамара Рамановіч.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.
К СВЕДЕНИЮ
Обратиться в постоянно действующую комиссию по координации работы по содействию занятости населения за оказанием помощи в трудоустройстве, консультативной помощью или с заявлением об освобождении от уплаты за жилищно-коммунальные услуги можно по адресу: г. Сморгонь, ул. Ленина, д. 5, каб. 325, по телефонам: 3-76-57, 3-76-08, 3-76-02 или по электронной почте rik@smorgon.gov.by с понедельника по пятницу с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00.