Прафесійнае свята — нагода азірнуцца назад, падсумаваць зробленае, вызначыць накірункі далейшай дзейнасці, сказаць добрыя словы калегам. Вось так, як гэта зрабіў дырэктар Карэліцкага філіяла ДП «Гроднааблпаліва» Валерый Казіміравіч Чыжык падчас інтэрв’ю з журналістам раённай газеты «Полымя».
— Валерый Казіміравіч, якімі паказчыкамі ў працы сустракаеце сваё прафесйнае свята?
— Усе асноўныя вытворчыя, планавыя паказчыкі выкананы. Назаву толькі некаторыя лічбы: выручка ад рэалізацыі работ і паслуг склала 113,6 працэнта, прыбытак ад рэалізацыі работ і паслуг — 106,8, а прадукцыйнасць працы — 109,6.
— Чым у асноўным займаюцца працаўнікі ўзначальваемага калектыву?
— Рэалізацыяй брыкету і дроў, вырабам і рэалізацыяй піламатэрыялаў і пліткі. Аказваем паслугі па распілоўцы круглага лесу, колцы дроў, транспартныя паслугі. На прадпрыемстве ёсць склад-магазін, у якім рэалізуюцца будаўнічыя матэрыялы, бытавая тэхніка, мэбля.
— Вырашаць задачы пад сілу згуртаванаму і працавітаму калектыву. Вы маглі б назваць узначальваемы філіял такім?
— Безумоўна. На прадпрыемстве працуе 19 чалавек. З іх — 6 адміністрацыйна-ўпраўленчага апарату, астатнія — рабочыя. У асноўным работнікі маюць вялікі вопыт работы, і іх вызначае адданасць даручанай справе. Трыццаць адзін год працуе ў нашай галіне Святлана Аляксееўна Лазарэвіч, з іх дваццаць тры — на пасадзе галоўнага бухгалтара. Шматлікія гады працы прысвяцілі прадпрыемству эканаміст па збыце Таццяна Аляксандраўна Хука, вадзіцелі Уладзімір Уладзіміравіч Карніла, Сяргей Станіслававіч Фір’ян і іншыя.
— Дзякуючы чаму дасягаецца поспех у працы?
— Ад правільна скаардынаванай работы, жадання добрасумленна працаваць, прыносіць карысць прадпрыемству, мацаваць уласны дабрабыт — няпоўны пералік таго, што набліжае да поспеху. Наша штодзённая праца звязана з абслугоўваннем людзей, у асноўным пажылога ўзросту. Трэба дайсці да кожнага, умець выслухаць іх, выканаць просьбу, што і стараемся рабіць.
— Пытанне забеспячэння палівам часта на слыху, асабліва ў вяскоўцаў і жыхароў прыватных дамоў. Як яно вырашаецца?
— Карэліцкі філіял ДП «Гроднааблпаліва» працуе ў цеснай звязцы з сельскімі Саветамі. Да пачатку года супрацоўнікі сельсаветаў падаюць спісы ўсіх жыхароў, якія маюць патрэбу ў цвёрдым паліве. Гэтае пытанне заўсёды на кантролі інспектара па збыце Святланы Аляксандраўны Міцкевіч. Да таго ж, яна інфармуе жыхароў раёна праз сродкі масавай інфармацыі па гэтым пытанні. Хочацца адзначыць, што паліва адпускаецца насельніцтву па фіксаваных цэнах, і мы імкнёмся забяспечыць усіх жадаючых.
— Што, на Вашу думку, патрэбна, каб паспяхова функцыянавала галіна?
— Трэба не стаяць на адным месцы, а развіваць розныя віды дзейнасці. Да прыкладу, створаны ў 2007 годзе цэх вытворчасці пліткі з бетону, а ў 2017 адкрыта піларама, што дае прадпрыемству дадатковую выручку. На гэтым не думаем спыняцца, а ўкараняць новыя паслугі, каб зацікавіць людзей. І для іх карысна, і нам прыбытак.
— Як гавораць, гаспадара пазнаюць па двары. Якая ўвага надаецца пытанню добраўпарадкавання тэрыторыі?
— Вялікая. Пацвярджэннем таму — яблыневы сад, вінаграднік, кветнік. А гэта, як вядома, дапамагае ствараць добры настрой людзям. Дарэчы, па добраўпарадкаванні наша арганізацыя — адна з лепшых у ДП «Гроднааблпаліва».
— Валерый Казіміравіч, з нагоды прафесійнага свята Вашы пажаданні калегам па працы.
— Па-першае, зычу здароўя ўсім працуючым работнікам і ветэранам вытворчасці, па-другое, цяпла і святла ў дамах, па-трэцяе, вялікай любові да бліжняга, працы, Радзімы. Няхай заўсёды і ва ўсім спадарожнічае поспех, а будні будуць напоўнены шчасцем, радасцю, дабрабытам.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Марыны КАЗЛОВІЧ