Прыгоды і адкрыцці на сольскай «Брыганціне»

Источник материала:  
Летні адпачынак… Якой асалодай прасякнуты гэтыя два словы! А калі летні адпачынак уяўляе сабой марское падарожжа з незлічонай колькасцю прыгод і неверагодных адкрыццяў, гэта ўдвая прыемней і цікавей.

Прыгоды і адкрыцці на сольскай «Брыганціне»

Менавіта такое «Марское падарожжа ў пошуках Вострава Скарбаў» было арганізавана для 46 вучняў 7-11 класаў школ Смаргонскага раёна з 20 па 28 жніўня ў дзевяцідзённым аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем грамадска-гуманітарнага профілю «Брыганціна» дзяржаўнай установы адукацыі «Сольская сярэдняя школа».

Арганізацыя дзейнасці лагера была заснавана па праграме, мэта якой – выяўленне і падтрымка адораных дзяцей, развіццё іх навуковых інтарэсаў, уключэнне ў навукова-даследчую, праектную дзейнасць, фарміраванне навыкаў работы ў камандзе.

Уся жыццядзейнасць ў «Брыганціне» была звязана з марской тэматыкай: арганізатары змены распрацавалі гульнёвую мадэль «Марское падарожжа ў пошуках Вострава Скарбаў», падабралі адпаведную тэрміналогію, атрыбуты, карту падарожжа.

Згодна распрацаванай мадэлі выхаванцы ўключаліся ў такія мерапрыемствы, як камунікатыўныя гульні і трэнінгі, інтэлектуальны турнір «Жамчужына мораў», комік-шоў «У гавані дзівакоў», квэст-гульня «Пірацкі скарб», спартландыя «Марскія прыгоды, або Свістаць усіх наверх!», танцавальны батл «Бітва флібусцьераў», марское рандэву «Дзень адчыненых дзвярэй» (сустрэча гасцей з ДУА «Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі»), дыскатэка «На марской хвалі» і многія іншыя. Значнае месца ў кожны дзень лагернай змены займаў ПГС («Пакуль гарыць свечка») «Круг пірацкага братэрства», дзе можна было абмеркаваць складаныя пытанні, падзяліцца ўражаннямі або падвесці вынікі дня.

Прыгоды і адкрыцці на сольскай «Брыганціне»

Для якаснай і грунтоўнай падрыхтоўкі вучняў да розных алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў па вучэбных прадметах штодня арганізоўвалася так званая «Вучоба ў марской школе». Трохгадзінныя заняткі ў школе алімпіяднага руху праводзілі настаўнікі ўстаноў адукацыі Смаргонскага раёна. Трэнеры па матэматыцы: Аксана Іванаўна Раманенка (гімназія), Аляксандр Мар’янавіч Дукса (Сольская СШ), Тамара Іосіфаўна Аўгусціновіч (СШ №1), Алена Аляксееўна Будай (СШ №3), Таццяна Уладзіміраўна Бандарэнка (СШ №7), Таццяна Віктараўна Зітарава (СШ №5), а таксама па рускай мове: Вольга Анатольеўна Маліноўская (СШ №3), Святлана Вячаславаўна Самохіна (гімназія), Галіна Францаўна Іванец (СШ № 7), Алена Пятроўна Максімовіч (СШ №5), Таццяна Станіславаўна Істрацькова (СШ №1), Вера Васільеўна Хаміцэвіч (СШ №6). Мне таксама давялося працаваць ў гэтым лагеры ў якасці трэнера па рускай мове. Падчас заняткаў былі разгледжаны найбольш складаныя тэмы прадметных алімпіяд: «Функцыянальныя ўраўненні», «Дадатковыя пабудаванні ў задачах па геаметрыі», «Гульні і стратэгіі»; «Фразеалогія», «Марфемная будова слова», «Словаўтварэнне», «Сінтаксіс складанага сказа» і іншыя. Нягледзечы на тое, што заняткі праводзіліся напрыканцы школьных канікул, калі, здавалася б, немагчыма ўявіць сабе дзіця, якое імкнецца да ведаў, адораныя пасажыры «Брыганціны» вельмі ўважліва і свядома ўспрымалі прапанаваны матэрыял і з цікавасцю рашалі алімпіядныя заданні і нестандартныя задачы па любімым прадмеце.

Паназіраўшы за дзецьмі падчас заняткаў і перапынкаў, пагутарыўшы з дырэктарам лагера Віталем Іванавічам Лукашэвічам, а таксама з самімі выхаванцамі, я пераканалася, што сольская «Брыганціна» дапамагла дзецям не толькі адпачыць і пагуляць, але і зрабіць шмат карысных адкрыццяў, якія спатрэбяцца ім падчас новага навучальнага года.

Марыя ГОВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №7 г.Смаргоні». 

←Внимание, внесены изменения!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика