З кнігай праз стагоддзі
Ідзі, народзе ўваскрэслы,
Да светлай прышласці ідзі,
З пісьменствам,
Гэтай сілай новай,
Шчаслівы лёс сабе знайдзі!
Гімн Кірылы і Мяфодзія
Гісторыя беларускага пісьменства цесна звязана з заснавальнікамі славянскай азбукі, вялікімі балгарскімі асветнікамі, братамі Кірылам і Мяфодзіем. Яны пераклалі на стараславянскую мову богаслужэбныя кнігі і тым самым стварылі аснову славянскай пісьмовай культуры. Справа, зробленая імі стала неўміручай у славянскай гісторыі. Узнікшае ў Балгарыі, свята пачынае распаўсюджвацца і сярод іншых славянскіх народаў, у тым ліку і беларускага. Прадаўжальнікамі ідэй Кірыла і Міфодзія на нашай зямлі сталі Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Пётр Мсціславец і іншыя.
Любоў да мастацкага слова і прага да ведаў спрадвеку былі неад’емнай часткай беларускага менталітэту. На пачатку трэцяга тысячагоддзя кніга па-ранейшаму застаецца для нас крыніцай вопыту, натхнення, шчырай любові да роднай зямлі.
За сваю шматгадовую гісторыю Дзень пісьменства стаў сапраўды нацыянальным святам. Штогод яно ладзіцца ў розных гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах гісторыі, культуры і кнігадрукавання. У гэтым годзе сталіцай беларускага пісьменства стане горад Іванава Брэсцкай вобласці.
Традыцыйным гэта свята стала і ў бібліятэчных установах нашага раёна. З 1 па 7 верасня ў рамках Тыдня будуць арганізаваны мерапрыемствы пад агульнай назвай “З кнігай праз стагоддзі”. Чытачоў і гасцей бібліятэк чакаюць асветніцкія гадзіны і гадзіны паэзіі, літаратурна-гістарычныя гасцёўні, паэтычныя кампазіцыі і чытанні, літаратурна-краязнаўчыя праграмы, урокі роднай мовы і іншае. Да ўвагі чытачоў будуць прадстаўлены кніжныя выставы-прагляды літаратуры “Летапіс слаўнага часу”. Тут размесцяцца кнігі і артыкулы з перыядычных выданняў аб гісторыі беларускага кнігадрукавання, аб жыцці і творчым шляху беларускіх першадрукароў, філосафаў, асветнікаў, а таксама творы сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Тыдзень сімвалічна супадае з пачаткам новага навучальнага года і прадугледжвае магчымасць яго правядзення як самастойна бібліятэкарамі, так і сумесна з установамі адукацыі. Мэта мерапрыемстваў – пашырыць веды аб жыцці і дзейнасці вялікіх асветнікаў і друкароў, папулярызаваць развіццё асветы і літаратуры беларускай зямлі. У Год малой радзімы важна выхоўваць павагу і гонар да пісьменнікаў-землякоў, развіваць літаратурнае краязнаўства.
Вучням важна давесці , што гэта свята аб’ядноўвае тых, хто з вялікай павагай ставіцца да роднага слова, духоўных здабыткаў нашага народа, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры.
Запрашаем усіх прыхільнікаў беларускага слова прыняць удзел у Тыдні беларускага пісьменства.
Людміла Вырвіч, метадыст ДУК “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці”.