Майстар іголкі — Вольга Казловіч. Замалёўка пра вышывальшчыцу з Галубіцы
Пра вышыванкі майстрыхі Вольгі Казловіч з Галубіцы мы неяк пісалі на старонках газеты. І ўсё ж творчасць такіх майстроў заслугоўвае асаблівай увагі.
Вышыванне – старадаўняе рамяство. Раней кожная вясковая дзяўчына павінна была авалодаць гэтым майстэрствам, бо, рыхтуючы пасаг, вышывала на тканіне ўзоры свайго будучага сямейнага жыцця. Па вышытых ручніках, покрыўках, абрусах, кашулях было адразу бачна будучую жонку-гаспадыню.
Майстэрства вышыўкі прыйшло да нас з Усходу, дзе рукадзельніцы залатымі ніткамі расшывалі вопратку для заможных людзей. Гэта былі сапраўдныя мастацкія творы.
Калі верыць інтэрнэт-даведкам, то вышыўка крыжыкам пайшла са Старажытнага Кітая і датуецца VI-V стагоддзямі да нашай эры. Пазней яна прыйшла на Русь. Продкі сваімі вышыванкамі перадавалі прыгажосць прыроды, а свае адчуванні і ўспрыманне свету – крыжыкамі, ромбамі, шматлікімі лініямі. Гэта і былі сімвалы, якія не толькі неслі пэўную інфармацыю, але і аберагалі ад хвароб і зла таго, хто носіць вышытае ўбранне.
Вольга Рыгораўна вырасла ў вёсцы. Яе малая радзіма – Ляскавічы. Прызнаецца жанчына, што ў маленстве вышывала гладдзю, а вось вышыўку крыжыкам асвоіла толькі пасля выхаду на заслужаны адпачынак. На працягу апошніх васьмі гадоў жанчына прысвячае ўвесь свой вольны час гэтай карпатлівай працы.
Сцены ўтульнай сядзібы ўпрыгожваюць творы гаспадыні, аформленыя ў рамкі і пад шкло. Здалёк і не распазнаеш, што гэта вышыўка, здаецца, мастак умелым пэндзлем пакінуў на палатне яркія фарбы намаляваных птушак, кветак. Дарэчы, кветкі асабліва займаюць майстрыху – безліч іх жывых упрыгожваюць і двор ся-дзібы Вольгі Рыгораўны і Міхаіла Міхайлавіча.
Жанчына – былы педагог. Большасць працоўнага стажу прысвяціла дзіцячаму садку ў Галубіцы, дзе была загадчыцай з 1984 года. Давялося папрацаваць і ў школе.
Вышывае і сястра Вольгі Рыгораўны Ганна, пляменніцы Ірына і Алёна, якія жывуць у сталіцы.
– Ідэі знаходжу ў спецыялізаваных часопісах, – распавядае Вольга Рыгораўна. – Калі добры настрой, то заседжваюся да позняй ночы.
Сваім дочкам Наталлі і Таццяне вышыла іконы Мікалая Цудатворцы і Прасвятой Багародзіцы. Яшчэ шмат ім сваіх іншых работ падаравала, ды і сяброўкам таксама.
Гэтым летам унук Стасік быў са мной. Сёлета ён стане першакласнікам. Таму займацца вышываннем не было калі. Але хутка восень, зіма – будзе час для творчасці.
Прырода – мая тэма. Вось на гэту работу – “Дачны домік” – спатрэбілася ўседлівасць на працягу паўгода, бо ў ёй шмат дробных элементаў. Дарэчы, эскіз на палатно не наношу, гляджу на малюнак, што спадабаўся, і пераношу яго на тканіну.
Як бачыце, сярод вышытых карцін крыжыкам ёсць яшчэ і зробленыя стразамі. Гэта маркотная справа, але вартая таго.
Сёлета мае работы выстаўляліся ў Ляскавічах на адным з педагагічных се-мінараў. І сама прадстаўляла іх у нацыянальным касцюме. Спадзяюся, што і на педагагічную канферэнцыю зноў будуць запатрабаваны.
Хутка адбудзецца чарговы этнафестываль “Покліч Палесся”, на якім заўсёды люблю пабываць, пераняць вопыт майстроў, палюбавацца творчасцю таленавітых палешукоў.
Муж мой таксама творчы чалавек. Пасля заканчэння культасветвучылішча адпрацаваў у Доме культуры. Іграў на музычных інструментах на вяселлях. Цяпер вось “цацку” новую купіў – сучасны электронны сінтэзатар, асвойвае.
Мы падзякавалі Вользе Рыгораўне за гасціннасць і цікавы аповед і пажадалі новых ідэй. А яны ў жанчыны ёсць. Напрыклад, хутка падтрымала ідэю вышыць вясковых індыкаў ці кур з пеўнем. А то на сценах красуюцца пакуль экзатычныя паўліны, белыя лебедзі ды снегіры. Поспехаў Вам!
Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.