Урачыстае ўручэнне ордэнаў Маці адбылося ў Альшанскім сельскім Савеце жанчынам, якія маюць пяць і больш дзяцей.
Заўважыла, як многія з іх хвалююцца перад гэтай падзеяй, бо не звыклі да ўвагі. Больш звыклыя да штодзённай працы, чым да туфляў на абцасах. Але ж кожнай жанчыне прыемна ўвага, тым больш, што іх павіншаваць прыехалі дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сяргеевіч Бабаловіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч, а таксама старшыня сельвыканкама Віктар Анатольевіч Гапко.
Ордэны Маці і грашовыя прэміі атрымалі Галіна Іванаўна Быба, Наталля Мікалаеўна Масалыка, Алена Сцяпанаўна Лемяза, Вольга Аляксандраўна Мазоль, Алёна Іванаўна Грыб, Ганна Міхайлаўна Ярмоліч, Марыя Мікалаеўна Лемяза, Валянціна Мікалаеўна Леўчанка з Альшан і Ганна Уладзіміраўна Пашкевіч з Сямігосціч.
Гадаваць дзяцей ніколі не было лёгкай справай. Трэба адказаць на мільён пытанняў, вывучыць сотні дамашніх заданняў, як кажуць у народзе, дапамагчы стаць на ногі. Нягледзячы на ўзрост дзеці для бацькоў заўсёды будуць дзецьмі. Матуліна сэрца ўмяшчае столькі любові, колькі ў яе дзяцей. І для кожнага яна знаходзіць патрэбныя словы, параіць, калі трэба, падтрымае словам.
– У нас вельмі дружныя сем’і, – у адзін голас расказваюць маці. – Дзе больш дзяцей, там больш парадку, бо ўсе ведаюць свае абавязкі. Старэйшыя клапоцяцца пра малодшых, дапамагаюць па гаспадарцы. Безумоўна, бываюць і спрэчкі, але гэта ненадоўга. Колькі дзяцей – столькі шчасця.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара