Юбілей – заўсёды добрая нагода для шчырых слоў удзячнасці і павагі. Згадзіцеся, чаму б не расказаць людзям пра чалавека, які самааддана працаваў усё жыццё? Які варты ўвагі не толькі сваіх родных, але і, як мінімум, чытачоў газеты “Полымя”? З такой думкай згодна і Лідзія Іосіфаўна Нагорная, былы старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, якая патэлефанавала ў рэдакцыю і нагадала пра 80-годдзе аднаго са шчырых працалюбаў у раёне – Алены Ільінічны Анцух.
Нарадзілася славутая льнаводка 11 жніўня 1938 года ў вёсцы Крынкі Карэліцкага раёна ў вялікай сям’і, дзе сярод пецярых дзяцей яна была сярэдняй. Дзяцінства яе прайшло весела і без асаблівых клопатаў, так, як і мае быць у кожнага дзіцяці. Але вайну ўсё ж такі дзяўчынка бачыла. Памятае, як бегала з сябрамі ў тыя месцы, куды немцы з самалётаў скідвалі алюмініевыя стужкі, якія “забівалі” экраны варожых станцый. Вядома, дзіцячая цікаўнасць была ў самым разгары. Успамінаючы фашысцкія бамбёжкі, жанчына прыгадвае тарфяныя кучы, якія служылі дзецям часовай абаронай.
З 1956 года свой працоўны шлях пачала ў калгасе імя Мічурына (цяпер –імя Царука), дзе спачатку займала пасаду палявода, а потым – звеннявой і брыгадзіра. Працуючы з вялікай ахвотай і жаданнем, праз некаторы час Алена Ільінічна атрымала прапанову пайсці вучыцца. За плячыма гераіні была толькі васьмігадовая школа, таму начальству гэта падалося недастатковым… І вось праз пэўны адрэзак часу жанчына завочна скончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, пасля чаго 18 год адпрацавала звеннявой ільнаводчага звяна. На полі ў 50 гектараў працавалі ўсе жанчыны, якіх не забрала вайна…
Крыху пазней жанчына стала брыгадзірам, адпрацаваўшы на гэтай пасадзе 12 год. Памятае, як на ўласным веласіпедзе аб’язджала Баўцічы, Скорычы і Зарэчча – сваю акругу, каб на ўласныя вочы пераканацца, што ўсё ў парадку. Уважліва аглядала кожны слупок, каб нідзе не было лішняй травінкі. За ўсё жыццё Алена Ільінічна нават і не думала пра змену працы:
– Мне хацелася толькі аднаго – як мага лепшых вынікаў. Часу на роздум аб іншай прафесіі не было, бо трэба было працаваць і працаваць…
Праз некалькі год сваё жыццё дзяўчына звязала з кінамеханікам Мікалаем, які ў той час рабіў вельмі цікавую і важную справу, – дэманстраваў вяскоўцам кіно. Потым лёс закінуў хлопца на Далёкі Усход, дзе ён адслужыў у марфлоце чатыры гады. Пасля гэтага яны згулялі вяселле і жанчына пераехала да мужа ў Скорычы, дзе жыве і зараз. Успамінаючы той час, Алена Ільінічна хавае вочы – не заплакаць цяжка, бо самага дарагога чалавека ўжо даўно няма.
Працуючы ў калгасе, жанчына імкнулася да самых высокіх паказчыкаў ураджайнасці льна, і гэта ў яе атрымалася. За поспехі ў працы Алена Ільінічна Анцух была ўзнагароджана ордэнамі Леніна і “Знак Пашаны”. Маецца ў арсенале жанчыны і чатыры медалі з ВДНГ. Памятае, як ездзіла на ўручэнне ў Гродна, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы яе не адпускала пачуццё гонару – за сябе, за калгас і радзіму.
– У той час узнагароды проста так не давалі – трэба было працаваць. Памятаю, як стаяла на сцэне, чула добрыя словы і разумела: гэта не толькі мая заслуга. Нас, дзяўчат, было шмат, і кожная зрабіла свой унёсак. А што я? Адна такіх вынікаў не дасягнула б, таму і ўзнагарода гэта – наша агульная.
Жыццё павярнулася так, што стала Алена Ільінічна і ўдзельніцай ВДНГ у Маскве. А потым была яшчэ адна пачэсная місія – абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Некалькі гадоў таму ёй прысвоена званне Ганаровай грамадзянкі Карэліцкага раёна.
Нягледзячы на свой узрост, працуе Алена Ільінічна і цяпер, але не ў калгасе – у агародзе. Без лекаў, канечне, не абыходзіцца, але і склаўшы рукі жанчына сядзець не можа.
Зараз яна жыве адна, але сумаваць не дае вялікая гаспадарка і любімыя праўнукі – Цімур і Варвара. Дарэчы, пра іх жанчына можа расказваць доўга, бо гэтая малеча дае стымул жыць і марыць ужо пра іншы, стогадовы юбілей.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара