Штогод у другую нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень будаўніка.
У гэтым годзе Карэліччына стала актыўнай будаўнічай пляцоўкай, і ў першую чаргу дзякуючы таму, што пасёлак Мір чакае комплекснае добраўпарадкаванне. У раёне будуецца жыллё і вытворчыя аб’екты, рамантуецца жылфонд, добраўпарадкоўваюцца дарогі.
Мы сустрэліся з Аляксандрам Анатольевічам Былічам, намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама, які курыруе будаўнічую сферу ў раёне, і даведаліся аб асноўных выніках работы галіны за першае паўгоддзе 2018 года.
— Аляксандр Анатольевіч, як вы ў цэлым ацэніце працу галіны ў справаздачным перыядзе?
— Адразу адзначу, што будаўніцтва — лакаматыў эканомікі, які ні ў якім выпадку нельга тармазіць. Будзе развівацца будаўніцтва, будуць развівацца і іншыя сферы. Разглядаючы вынікі працы будаўнічай галіны за першае паўгоддзе бягучага года, можна адзначыць, што асноўныя паказчыкі раёна, такія як будаўніча-мантажныя, увод жылля ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання, рамонт, мадэрнізацыя жыллёвага фонду, выкананы ў поўным аб’ёме. Фактычнае выкананне аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ за 6 месяцаў гэтага года па раёне склала 3 млн 468 тысяч рублёў, або 103,8% да ўзроўню мінулага года.
— Раскажыце, калі ласка, аб будаўніцтве жылля ў раёне.
— На тэрыторыі раёна згодна з заданнем на працягу года неабходна пабудаваць і здаць у эксплуатацыю 3000 кв. метраў агульнай плошчы жылых памяшканняў. За паўгоддзе індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзена ў эксплуатацыю 1111 кв. метраў жылля, што складае 105,8% да задання за 6 месяцаў і 37% да гадавога задання. Завершана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва трох 4-кватэрных жылых дамоў у аграгарадку Вялікія Жухавічы. На дадзены момант вядзецца працэдура выбару падраднай арганізацыі. У чацвёртым квартале плануецца пачаць будаўніцтва 20-кватэрнага жылога дома па вул. 8 Сакавіка ў Карэлічах.
— Якіх прыемных змен чакаць жыхарам пасёлка Мір?
— У Міры працягваюцца работы па будаўніцтве інжынерных сетак і добраўпарадкаванні квартала індывідуальнай забудовы «Маладзёжны». Завершаны работы па добраўпарадкаванні вуліц Маладзёжная і Перамогі. Зараз у пасёлку вельмі запатрабаваны зямельныя ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва, таму распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва квартала сядзібнай забудовы «Зорны».
Таксама распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на мадэрнізацыю вуліц Танкістаў, Першамайская, Школьная, Зорная і рэканструкцыю вуліцы Сташэўскай. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца праектная дакументацыя на водазабеспячэнне гарпасёлка.
Ужо ёсць некаторыя вынікі праграмы па добраўпарадкаванні. Так, прыведзена ў парадак тэрыторыя сярэдняй школы г.п. Мір, дзе пакладзена тратуарная плітка. Адрамантаваны дах навучальнага корпуса Мірскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Завершаны работы па рамонце фасадаў будынкаў Мірскага сельсавета, Дома культуры, комплекснага прыёмнага пункта. Усяго на выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні плануецца накіраваць больш як 8 млн рублёў.
— Як спрацавалі ў тэме будаўніцтва прадпрыемствы раёна?
— У два разы павялічыла аб’ём выкананых работ у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года Карэліцкае рамонтна-будаўнічае прадпрыемства-12. Так, за паўгоддзе аб’ём выкананых работ склаў 140 тысяч рублёў. Выпрацоўка на аднаго работніка склала 2850 рублёў, або 187,5% да ўзроўню мінулага года. Усяго на прадпрыемстве працуюць 42 чалавекі. Намінальная сярэднямесячная заработная плата склала 613,9 рублёў.
Прадпрыемствам выконваліся работы па бягучым рамонце трэцяга паверха Карэліцкай раённай паліклінікі, даху Карэліцкага раённага Дома культуры, фасада Мірскага сельскага Савета, тэрыторыі сярэдняй школы г.п. Мір. Зараз будаўнікі прадпрыемства праводзяць капітальны рамонт жылога дома па вул. Прытыцкага ў Карэлічах.
Іншая карціна складваецца ў працы Карэліцкай міжгаспадарчай перасоўнай механізаванай калоны. За паўгоддзе аб’ём выкананых будаўніча-мантажных работ склаў 65,729 тысяч рублёў, ці 96,8% да аналагічнага перыяду мінулага года. Вытворчасць працы на аднаго працуючага склала 1776 рублёў, або 143,9% да аналагічнага перыяду мінулага года. На прадпрыемстве працуе 34 чалавекі. Сярэднямесячная заработная плата склала 355,6 рублёў, або 152,5% да адпаведнага перыяду мінулага года.
— Што хацелі б пажадаць калегам напярэдадні прафесійнага свята?
— Карыстаючыся выпадкам, хацелася б выказаць шчырыя словы ўдзячнасці за вернасць любімай справе. Сёння перад галіной пастаўлена нямала сур’ёзных задач, і наперадзе ў нас шмат працы. Выказваю ўпэўненасць у тым, што прафесіяналізм, высокая кваліфікацыя, працавітасць, вопыт, талент стануць залогам нашай паспяховай сумеснай працы і ў будучыні. Жадаю вам і вашым блізкім здароўя, дабрабыту і стабільнасці, дасягнення новых прафесійных вышынь.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара