Старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак сустрэўся з дэлегацыяй горада Краснагорска Маскоўскай вобласці на бягучым тыдні.
У складзе дэлегацыі з расійскага горада-пабраціма прыехалі 10 юнакоў і дзяўчат, а таксама два кіраўнікі групы. На працягу 10 дзён яны адпачывалі ў летніку «Вясёлка» на Свіцязі, ездзілі на экскурсіі па Карэліцкім і суседніх раёнах.
У нефармальнай сустрэчы таксама прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў і начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч.
Абодва бакі выказалі задавальненне ад сяброўскіх стасункаў параднёных гарадоў і выказалі надзею на далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва.
Напрыканцы сустрэчы са старшынёй райвыканкама Віктарам Леанідавічам Шайбаком і прадстаўнікамі мясцовай улады дэлегацыю з Краснагорска чакалі не толькі памятныя сувеніры, але і прыемны сюрпрыз. Кіраўніцтва раёна арганізавала ім экскурсію з дэгустацыяй у Карэліцкі маслацэх ААТ «Малочная кампанія «Навагрудскія дары».
Там расійскіх гасцей з усімі этапамі вытворчасці сыроў пазнаёміла начальнік філіяла Ларыса Міхайлаўна Рапавец. Хлопцы і дзяўчаты так пранікліся ўбачаным, што вырашылі і самі прыняць удзел у працэсе і дапамаглі паклеіць этыкеткі на прадукцыю.
А самым доўгачаканым і смачным момантам стала дэгустацыя прысмакаў прадпрыемства. Беларускія ласункі прыйшліся даспадобы гасцям з Краснагорска. За гарбатай яны шчыра дзяліліся ўражаннямі ад нашай краіны і яе жыхароў.
Кіраўнік групы Алена Яўгеньеўна Сапронава засталася задаволенай летнім адпачынкам на Карэліччыне. Жанчына ўжо пяты год прывозіць расійскіх дзяцей на нашу зямлю, але прызнаецца, што кожны раз даведваецца нешта новае і пранікаецца ўсё большой любоўю да Беларусі. Выдатная арганізацыя, шыкоўная прырода, цікавыя экскурсіі, мора разваг і сардэчнасць карэліччан заўжды робяць адпачынак адмысловым і незабыўным.
Падобныя радасныя эмоцыі лёгка прачытаць на тварах усіх хлопцаў і дзяўчат з Краснагорска.
Лізавета Конюхава наведала Беларусь першы раз. Але цяпер яна дакладна ведае, што яшчэ не раз завітае ў нашу краіну падзівіцца на прыгожыя замкі і сустрэцца з новымі сябрамі.
Андрэй Мануйлаў на Карэліччыне быў ужо двойчы і кампетэнтна заяўляе, што ўсё: атмасфера, сустрэчы, праграма адпачынку – на вышэйшым узроўні. Да таго ж, на яго думку, беларуская ежа вельмі смачная.
З гэтым згодныя і работнікі Карэліцкага маслацэха, таму на развітанне яны ўручылі краснагарчанам пакункі з малочнымі прысмакамі. А тыя паабяцалі расказаць пра мясцовыя сыры ўсім знаёмым з Расіі і абавязкова прыехаць на гасцінную карэліцкую зямлю ў наступным годзе.
Іна ЛЕЙКА
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Марыны Казловіч