Нашы лепшыя жывёлаводы
Нягледзячы на тое, што райкам прафсаюза работнікаў АПК зараз пільна сочыць за дасягненнямі нашых хлебаробаў, не пакідае ён без увагі і працаўнікоў жывёлагадоўлі. Так, былі падведзены вынікі работы жывёлаводаў сельгаспрадпрыемстваў за 6 месяцаў.
Лепшымі з лепшых сталі жывёлаводы з УП “Палессе-Аграінвест”: аператар машыннага даення з МТФ “Церабаў” Таццяна Беразюк, якая надаіла ад адной галавы 4302 кілаграмы малака, жывёлаводы ТФ “Турок” Галіна Марозька і Таццяна Жукавец, якія дасягнулі 1102 і 1034 грамы сярэднясутачных прываг на вырошчванні маладняку. На другім месцы ў сваіх намінацыях апынуліся аператар машыннага даення з МТФ “Ражны” ААТ “Навасёлкі” Любоў Глаз – надой ад адной галавы склаў 2811 кілаграмаў малака, жывёлаводы на вырошчванні маладняку Марына Грэська з аддзялення “Слабада” ААТ “Агра-Слабада” і Анатоль Пракапенка з ТФ “Макарычы” УП “Палессе-Аграінвест” – сярэднесутачныя прывагі 667 і 997 грамаў адпаведна.
З гэтай нагоды на мінулым тыдні старшыня райкама работнікаў АПК Ірына Берднік ва ўрачыстай абстаноўцы павіншавала з дасягнутымі карпатлівай і нялёгкай працай паказчыкамі аператара машыннага даення з ААТ “Навасёлкі” Любоў Глаз, а таксама ўручыла падарунак.
Трэба сказаць, што жывёлаводы МТФ “Ражны”, дзе працуе Любоў Цімафееўна, кожны раз на працягу некалькіх гадоў займаюць перадавыя месцы. А гэта гаворыць пра добрасумленныя адносіны да справы і поўную адданасць сваёй прафесіі.
Д. АЛЯКСАНДРАЎ.
Фота аўтара.