На Верхнядзвіншчыне жніво набірае тэмп

Источник материала:  
>

У КУВСГП “Дрысенскі” жніво ў самым разгары — паспела 1427 гектараў зерневых і зернебабовых культур.

На Верхнядзвіншчыне жніво набірае тэмп

(Злева направа) М. Барэйка, В. Ступень, А. Мінаеў, У. Скрыпко і С. Піткевіч.

На ўчарашні дзень намалочана 2927 тон зерня, убрана 60,2% плошчаў. На палі выйшла 8 экіпажаў.
У першую чаргу, трэба выканаць дзяржзаказ. Адгрузіць на Верхнядзвінскі ўчастак Полацкага камбіната хлебапрадуктаў 670 тон пшаніцы, якая ідзе трэцім класам, і 500 тон рапсу.
З 7 гадзін раніцы і да 22 гадзін вечара людзі шчыруюць у полі. Камбайнеры завіхаюцца – настаў час хлеба і вялікага заробку. Ён, дарэчы, залежыць не ад працоўных гадзін, але намалочаных тон. Сёлета атрад камбайнераў папоўніўся моладдзю. Віктар Ступень некалькі сезонаў “хадзіў” у памочніках, а зараз кіруе камбайнам самастойна. А дапамагае яму старшакласнік Міхаіл Барэйка. Добра працуюць Ілля Жураўлёў і Дзяніс Дзямідаў, Уладзімір Скрыпко і Андрэй Мінаеў. Для вопытнага камбайнера Станіслава Піткевіча гэта ўжо 23 сезон! І хаця Станіслаў Адольфавіч даўно на пенсіі, у прыпар дапамагае сельгаспрадпрыемству.
На адвозцы зерня — 4 адзінкі тэхнікі, для падстрахоўкі чакае сваёй чаргі трактар з прычэпам. На адвозцы завіхаюцца механізатары Уладзімір Шумскі, Сяргей Скроб, Васіль Урбан. Сёлета ў гаспадарцы набылі энерганасычаны МТЗ-3525.
Зерне даводзяць да кандыцыі на дзвух зернесушыльных комплексах – М-819 і КЗСВ-30, за суткі перапрацоўваюць па 200-300 тон аператары Андрэй Семяненка і Уладзімір Калеснік.
На сучаснай сушылцы КЗСВ-30 засталі за работай Паўла Матуля. Ён сачыў за паказчыкамі прыбораў і вымяраў вільготнасць дапрацаванага зерня. Задаволены: прыбор паказаў 13,7%, а гэта значыць, што збожжа можна адгружаць і дастаўляць на хлебапрыёмны пункт.
У абавязках Андрэя Варановіча – месці ток і адгружаць зерне. Работа прывычная, яшчэ школьнікам Андрэй прыйшоў працаваць на ток. А зараз заступае на кругласутачную змену. Упэўнены, што гэта добрая магчымасць зарабіць.
— З палёў зерне паступае 18% вільготнасці. Надвор’е трымаецца добрае, і сонца сушыць яго ў коласе, — расказвае галоўны аграном Яўген Мароз. — У такую спякоту камбайнерам працаваць камфортна – усе кандыцыянеры спраўныя, да таго ж арганізаваны двухразовы падвоз пітной вады і харчавання.
Паліва, якое паступае літаральна “з калёс”, строга эканомяць. Тэхніка начуе ў полі пад аховай вартаўніка.
Ва ўрочышчы Ліпаўкі амаль на самай мяжы з Латвіяй дамалочвалі апошнія ўчасткі азімага трыцікале. Ураджайнасць неблагая – па 40 цэнтнераў з гектара.
— Галоўнае ў справе – зладжанасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу, — упэўнены камбайнеры. – Калі, напрыклад, у каго тэхніка ламаецца, дапамагаем з рамонтам, нягледзячы на ўласныя “прастоі”.
Завершана ўборка азімага кліну. Дачакаліся сваёй чаргі півавараны ячмень, авёс, зернебабовыя. Паралельна вядзецца нарыхтоўка кармоў, сяўба азімага рапсу. Вядзе ворыва Уладзімір Булвянец, рыхтуе глебу Сяргей Сіняўскі. Сяўбу даверылі вопытнаму механізатару, перадавіку Мікалаю Шыціку. На нарыхтоўцы кармоў зарэкамендавалі сябе браты Уладзімір і Юрый Скрыпко.
Адзначае галоўны аграном і работу сваіх калег – агранома-аграхіміка Аляксея Бембеля і агранома-насеннявода Дар’і Мароз.
Падтрымаць баявы дух хлебаробаў на палі наведалася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Кіселевіч, якая ўручыла камбайнерам буклеты аб раёне “Верхнедвинск. Мосты из прошлого в настоящее”, пажадала поспехаў і вялікага хлеба.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.
НА ЗДЫМКУ: на таку (злева направа) П. Матулю дапамагае А. Варановіч.

←В Минске установили большую светящуюся фигуру лося

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика