Юнакі і дзяўчаты з горада Краснагорска Маскоўскай вобласці любуюцца нашым зорным небам і каштуюць традыцыйныя беларускія стравы вось ужо на працягу 16 гадоў. Менавіта ў 2002 годзе Карэлічы і Краснагорск сталі пабрацімамі і кожны год абменьваюцца дэлегацыямі.
Дзеці з Беларусі і Расіі адпачываюць у адных летніках.
Гэты год не стаў выключэннем. 10 краснагарчан некалькі тыдняў таму перасеклі мяжу, каб у чарговы раз адпачыць у аздараўленчым лагеры “Вясёлка”. Але не толькі маляўнічае возера Свіцязь і магчымасць змяніць абстаноўку з году ў год вабяць сюды нашых сяброў з Расіі. Тут іх чакае славутая беларуская гасціннасць і сябры, з якімі сувязь не парываецца нягледзячы на адлегласць.
Напрыклад, Дзмітрый Свірыдаў ужо ў трэці раз адпачывае ў нашым летніку на Свіцязі і называе свайго сябра з Карэліч Яўгенія Вырко сябрам па духу.
— Якія ў нас агульныя інтарэсы? — юнакі здзіўлены пытаннем. — Нас многае звязвае: агульныя ўспаміны пра адпачынак, нам цікава даведацца штосьці новае пра нашы краіны не з інтэрнэту ці экрана тэлевізара, а менавіта ад свайго аднагодкі.
Цікавасць расійскіх сяброў да Беларусі зразумела. Сапраўды, як не захацець вярнуцца сюды наступным летам, калі ў дзень прыезду ўвесь летнік сустракае вас паветранымі шарамі.
У сваім даволі шчыльным графіку вясёлкаўскага жыцця рабяты знаходзяць час і на экскурсіі. Мірскі і Навагрудскі замкі пакінулі незабыўныя ўражанні. Мясцовая кухня — увогуле асобная размова.
— Усе нашы рабяты — фанаты вашай бульбы з катлетамі, — расказвае Аляксандра Андрыянава, — я дома столькі пра беларускую бульбу расказвала, што мама папрасіла прывезці. Але мы вязём у якасці падарунка … цукар. Нядаўна пабывалі ў Гарадзеі і набылі па некалькі пакункаў цукру з лімонам, малінай і карыцай. У нас такога ў магазінах не знойдзеш. Яшчэ тут зоркі на небе такія яркія, у нас яны чамусьці амаль не бачныя. А калі едзеш, абапал дарогі жыта расце. Вельмі прыгожа, на мірны лад настройвае.
Даведка “Полымя”
У 2002 годзе Карэліцкім райвыканкамам заключана доўгатэрміновае пагадненне з горадам Краснагорскам Маскоўскай вобласці, якое прадугледжвае ўмацаванне супрацоўніцтва ў галінах адукацыі, культуры і спорту. За гады супрацоўніцтва з горадам-пабрацімам створана надзейная сістэма ўзаемаадносін, якая ўключае ў сябе культурны абмен дэлегацыямі, эканамічны дыялог і чалавечае сяброўства.
Напрыклад, у Карэлічах адбываецца міжнародны фестываль “Сяброўства без межаў”, у якім прымае ўдзел творчая моладзь не толькі з розных куткоў Беларусі, але і таленты з Краснагорска. Ужо 16 гадоў запар дэлегацыя Карэліцкага раёна прымае ўдзел у Краснагорскім міжнародным фестывалі творчасці моладзі параднёных гарадоў “Новы свет” і кожны раз прывозіць прызавыя дыпломы.
Акрамя таго, існуе традыцыя летняга абмену дзіцячымі дэлегацыямі, калі юныя краснагорцы прыязджаюць адпачыць у дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка”, а нашы рабяты едуць у Краснагорск.
Іна Лейка
Фота аўтара