Шлюб – на доўгую памяць,
03.08.2018
—
Новости Общества
або Як маладыя здзівілі сваіх гасцей
Моладзь сёння крэатыўная, скажуць многія. А да радасці нашай, трэба дадаць, яна яшчэ і добрая.
Усхвалявана паведаміла аб незвычайнай рэгістрацыі шлюбу, якая адбылася ў Целяханах 28 ліпеня, кіруючы справамі Целяханскага сельвыканкама Алена Кайль і хваляванне перадала і аўтару радкоў – цудоўна, як цудоўна зрабілі маладыя, якія сваіх гасцей, запрошаных на рэгістрацыю шлюбу, папярэдзілі, каб кветак ім не дарылі, а замест іх віншавалі дзіцячымі цацкамі.
Хтосьці з гасцей на такое запрашэнне маладых здзівіўся, хтосьці падтрымаў прапанову, бо кветкі сёння не танныя, а хто падумаў, што маладыя, можа, рыхтуюцца стаць бацькамі… Але Аляксандр Папека і Дзіяна Пушыла (на здымку ўверсе) усіх супакоілі, што сюрпрыз дабрачынны. Гасцей прыйшло многа, чалавек 50, і калі яны віншавалі маладых, то дарылі ім мячы, машынкі, лялькі, наборы для пясочніцы, лега… замест букетаў.
Гэтую гару цацак маладыя пасля вяселля завезлі і падарылі Пінскаму дому дзіцяці, чым расчулілі і там увесь персанал.
Няхай гэты шчымлівы факт стане прыкладам для сучаснай моладзі, а бацькам, якія выгадавалі такіх чуллівых дзяцей, што злучыліся ў сямейную пару, – нізкі паклон. Сям’я, якая пачынаецца з дабрыні і міласэрнасці, мае вялікі шанец пранесці каханне праз усё жыццё, бо гэты пачатак застанецца ў памяці назаўсёды і будзе тым мацуючым звяном, якое аб’ядноўвае дваіх у адно.
Валянціна БОБРЫК.