Людзі Смаргоншчыны: Артур ЦЯЖКІ

Источник материала:  
23 ліпеня споўнілася б 75 гадоў Артуру ЦЯЖКАМУ - таленавітаму пісьменніку, ураджэнцу Смаргоншчыны. Бываюць пісьменніцкія лёсы простыя, як быццам нецікавыя. Жыве чалавек, як усе. Друкуецца. Асабліва не здзіўляе знаёмых, чытачоў. Але шлях яго абрываецца. І тады мы спяшаемся вярнуцца ў яго свет і доўга-доўга на самоце прыглядаемся і прыслухоўваемся, каб переканацца ў чымсьці вельмі важным.
Людзі Смаргоншчыны: Артур ЦЯЖКІ

Артур Цяжкі нарадзіўся 23 ліпеня 1943 года на хутары каля вёскі Лылойці Смаргонскага раёна. Скончыў Свірскую сярэднюю школу. Нейкі час працаваў трактарыстам у калгасе, але літаратура клікала юнака. Неўзабаве ён становіцца карэспандэнтам раённай газеты “Светлы шлях”. Пасля была служба ў войску, а ў 1966 годзе зноў вяртанне ў Смаргонь у “Светлы шлях”. Пазней А. Цяжкі працуе ў “Чырвонай змене”, у брэсцкай раённай газеце “Заря”, паркетчыкам на будоўлі, у газетах “Астравецкая праўда”, ”Голас Радзімы”, “Знамя юности”.

У 1974 годзе ён скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі БДУ. З 1982 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У красавіку 1981 года Артур Цяжкі ажаніўся з цудоўнай дзяўчынай Ліляй і разам з жонкай пераехаў жыць у Гродна. Там ён працаваў метадыстам у цэнтры народнай творчасці.

Памёр Артур Цяжкі 7 красавіка 1984 года ад сардэчнага прыступу ноччу ў сваім пакоі ў Гродне, а пахаваны каля касцёла Маці Божай Добрай Рады ў вёсцы Нястанішкі, побач з бацькам Юзафам.

Свой першы верш у 1957 годзе А. Цяжкі надрукаваў менавіта ў раённай газеце.

Мілы край мой смаргонскі -

Смаргоншчына-маці,

Дзе высокія сосны бароў,

Дзе ляжаць дываны-сенажаці

І бясконцае мора палёў…

З 1966 года ён пачаў выступаць у друку са сваімі апавяданнямі і ў выніку пакінуў кнігі прозы “Сустрэча пасля вясны”(1980), “Пара блакітных дажджоў” (1982). Пасля смерці пісьменніка выйшаў зборнік “Дзе мой дом?..” (1986). У перакладзе на рускую мову выдадзена кніга “Смятение” (1990).

Артур Цяжкі любіў сваю Радзіму. Менавіта мілым яго сэрцу вобразам Бацькаўшчыны прысвячаў ён свае творы. Пра што б ён ні пісаў - пра родную вёску ці пра маці, пра сяброў ці аднавяскоўцаў, пра прыроду ці гарадское жыццё, - заўсёды жыве ў творах вобраз яго Бацькаўшчыны. Найбольш глыбокае адлюстраваннне ён знайшоў у аповесці “Смутак”.

Крытыкі лічаць аповесць сапраўднай удачай аўтара. У ёй А. Цяжкі атаясамлівае свой светапогляд, сваю любоў да роднай зямлі са светапоглядам героя. Аповесць кранае шчырасцю і журботнасцю. Герой твора, атрымаўшы некалькі дзён водпуску, прыяз­джае на малую радзіму і за гэты час перажывае нанова ўсё сваё жыццё. У родных мясцінах, дзе знаёмая кожная сцежка, ён успамінае сваё дзяцінства. Падзеі, якія перажыў калісьці, зноў трывожаць яго душу: “Туманны, ціхі і цёплы ранак напамінае мне самаго сябе той пары, калі на світанні і ласкава, і гнеўна будзіла мяне мама пасвіць кароў. Як цяжка я прачынаўся, як доўга хмурыўся, нібы гэты восеньскі ранак. І толькі сонейка, яго зыркія промні, што запальвалі золкую расу, канчаткова будзілі мяне.”

Хата, дзе нарадзіўся і вырас, да болю ў душы знаёмыя з дзяцінства рэчы, лясок недалёка ад хаты, нават дарога праз хутары - усё гэта ў найбольшай меры ўздзейнічае на пачуцці героя аповесці.

Са смерцю маці герой разумее, што згубіў не толькі самага роднага чалавека, але яшчэ і нешта большае, што, як ён лічыць, самае дарагое і каштоўнае на гэтым свеце, — родны кут. І браты адчуваюць адданасць роднаму дому, але, у адрозненне ад героя, іх пачуцці крыху прытуплены, а ён вельмі добра разумее, што са смерцю маці губляецца малая радзіма: “Вялікая наша зямля. Недзе вясна, недзе лета, недзе ўсходзіць сонца, недзе стаіць белы дзень. І ўсюды жывуць людзі. Многа розных лю­дзей, многа розных мясцін. І сярод гэтай неабдымнай разнастайнасці - мая маленькая радзіма, дзе сёння адчуваю сябе сіратой і без якой не магу пражыць.” Герой разумее, што ў горадзе, у сваёй кватэры, нават разам з жонкай і дзецьмі, ён ніколі не будзе адчуваць сябе так, як у ад нараджэння роднай хаце. Знаходзячыся адзін ва ўжо апусцелай роднай хаце, герой аповесці  шмат думае, разважае, імкнецца асэнсаваць сваё жыццё. І праз усе яго ўспаміны, праз усе думкі і разважанні неадступна суправа­джае яго вобраз Радзімы: “У мінуты адзіноты, у мінуты горкай страты, калі здаецца, што нічога табе не міла, нічым цябе не суцешыць, тады ўспамінаеш, што ёсць недзе запаветныя сэрцу куточкі роднай зямлі… І адразу ад гэтага на душы лягчэй становіцца, святлее ў вачах”.

Вельмі важнае значэнне ў творчасці Артура Цяжкага надаецца вобразам прыроды: “Вялля была цудоўнай. Яна толькі-толькі ўвайшла ў берагі. Цёмная, з абрыўкамі белай карунчатай пены, вада цякла, здаецца, павольней, чым летам, калі Вялля ў гэтым месцы становіцца плыткай. Па зыбкім целе ракі цяпер варушыліся тугія тоўстыя струмені.” Паняцце “Бацькаўшчына” для героя не проста родная хата ці лясок за ўзгоркам — гэта яшчэ і людзі, суседзі і родныя, знаёмыя і сябры: “Землякі мае, суседзі, вы ўсё маглі: і чарку выпіць, і пажартаваць, і ў працы сваю сілу, свой спрыт паказаць, і мужна бяду сустрэць, і памагчы іншым у бядзе.”

Уражвае чытача мясцовы каларыт у аповесці “Дзе мой дом?..” Ужо з першых радкоў заўважаецца, што сцежкі пісьменніка пралягаюць па смаргонскай зямлі.

“У другой палове ночы разгулялася навальніца. Плыла аднекуль з-за Віліі азызлая хмара, плыла, здаецца, краем, над войстамскім лесам, а потым прыпынілася, распасцерла сваё грачынае крыло і засланіла зорнае неба над гэтым ціхім, старым, у бэзавай квецені, гарадком”. Знаёмыя мясціны – Вілія і Войстам, а ў “старым гарадку” пазнаём нашу Смаргонь, дзе самому аўтару і яго галоўнаму герою Максіму Гардзіевічу  ўсё помніцца да дробязей... Няцяжка здагадацца, што кароткі завулак, дзе стаіць невялікі фінскі домік, абкладзены белай цэглай, а ў яго двары сад, – апісанне былой рэдакцыі газеты “Светлы  шлях”, месца першай журналісцкай працы Артура Цяжкага. “Чаго Максім так моцна не любіў тут, дык гэта аўтобусную станцыю. Горад стаіць на бойкай дарозе, маршрутаў шмат, а тут нейкі, інакш не скажаш, куратнік з двюма акенцамі-касамі. І калі ні прыйдзі – цесната, духата. А прабіцца купіць білет – ну проста цэлая праблема”. Сапраўды, маленькая аўтастанцыя тады размяшчалася ў цэнтры горада і стварала многа нязручнасцей і пасажырам, і жыхарам навакольных дамоў. Сёння гэта памяшканне - магазін “Журавінка”, а новы сучасны будынак аўтастанцыі знаходзіцца недалёка ад чыгуначнага вакзала.

У аповесцях “Смутак” і “Дзе мой дом?..” уражвае стаўленне пісьменніка да людзей. Якім бы ні быў чалавек, няхай нават з адмоўнымі якасцямі, у аўтара ён не выклікае агіды, абурэння ці асуджэння. Так незвычайна Артур Цяжкі змог данесці да нас такія вобразы. Ён абапіраўся менавіта на тое, што недзе зверху нам наканавана быць такімі рознымі, непрадказальнымі. Вось чалавеку і дазволена быць самім сабой. Мы разумныя і нязведаныя, самыя добрыя і бясконца жорсткія, бо мы - людзі. Артур Цяжкі, безумоўна, любіў людзей, якімі б яны ні былі.

Пісьменнік узнімае праблемы бацькоў і дзяцей, чалавечых уземаадносін. Шчымлівыя, пранізлівыя радкі аб вернасці бацькоўскаму дому робяць чытача лепшым, дабрэйшым, далучаюць да вечных крыніц духоўнасці і чалавечнасці.

Артур Цяжкі ведаў, што застанецца след на зямлі і ад яго творчасці. І не памыліўся. Удзячныя на­шчадкі чытаюць яго творы, вучацца на іх любіць свой край, цаніць усё тое, што дасталося ім у спадчыну. Як знак памяці пра пісьменніка, адна з вуліц у нашым горадзе носіць імя Артура Цяжкага.

Таццяна БУЙНОЎСКАЯ.

←В Витебске загорелся магазин "Евроопт"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика