Калі ідэя стала сэнсам жыцця
Сямейны бізнес яшчэ гадоў дваццаць таму для нашага маленькага рэгіёна быў нейкай нязведанай і рызыкоўнай справай. Але той, хто адважыўся распачаць яго, аддаў на гэта свае зберажэнні, сілы, нервы, час, сёння на кані. Прозвішчы некаторых прадпрымальных людзей Петрыкаўшчыны добра замацаваліся на рынку паслуг. У гэтых людзей з’явіліся пастаянныя кліенты, якія давяраюць, без перабольшвання нахвальваюць і робяць рэкламу ім.
Сям’я Марыі і Пятра Вяргеяў належыць да так званых бізнесменаў, як цяпер модна гаварыць. Іх прыватнае гандлёвае прадпрыемства складаецца з магазіна харчовых тавараў і кафэ “Ірына” у горадзе. Назва кафэ была выбрана невыпадкова, бо дачку завуць Ірына. Дарэчы, яна таксама загадвае магазінам будаўнічых матэрыялаў, займаецца прыватнай справай самастойна і дапамагае бацькам весці бухгалтэрыю, хаця спецыяльнасць набыла ў свой час педагагічную. Сын Яўген стаў нафтавіком, жыве ў Мазыры і працуе на НПЗ.
Некалі з нафтавай галіной быў звязаны і Пётр Іванавіч. У былым індустрыяльным тэхнікуме ў Светлагорску ён набыў спецыяльнасць энергетыка і займаўся наладкай абсталявання на буравых устаноўках. Справа падабалася, але каханне прымусіла пакінуць Светлагорск і вярнуцца ў родны Петрыкаў. Марыя Іванаўна ў той час пасля заканчэння Баранавіцкага тэхнікума харчовай прамысловасці была накіравана на наш хлебазавод. Пазнаёміліся звычайна, на танцах. Так і закруцілася іх сумеснае жыццё ў рытме пастаяннай працы, дасягнення намечанай мэты.
Прызнаюся, што ў дачным пасёлку мы з Вяргеямі суседзі. І што мне асабіста імпануе, дык гэта тое, як Пётр Іванавіч увіхаецца ў агародзе на тых некалькіх сотках, дзе красуецца бульба, кабачкі, ды іншая гародніна. Марыя Іванаўна выбірае спелую маліну. Здаецца, навошта ім той лапік зямлі, калі ўсяго дастаткова, жыццё, маўляў, задалося. Усё ж бачна, што людзі душой адпачываюць ад штодзённай руціны. Ды і ўнукі іншы раз наведваюцца на ўлонне прыроды. Сыну Ірыны – Максіму 17 гадоў, ён будучы нафтавік. Пасля заканчэння каледжу плануе працаваць і набываць завочна вышэйшую адукацыю.
У Яўгена дзеці ячшэ маленькія: Яніне 5 гадоў, Кірушы – 11 месяцаў.
Як вядома, днямі адзначаўся Дзень работнікаў гандлю. Таму да Пятра Іванавіча я наведалася невыпадкова. Хацела пачуць, што сёння прапануе сваім кліентам прадпрымальнік, як удаецца весці малы бізнес?
– Пачыналі мы бізнес з аўтазаправачнай станцыі ў Радкаве. Магазін харчовых тавараў адкрылі ў 2001 годзе, кафэ “Ірына” распачало сваю дзейнасць годам пазней, – распавёў Пётр Іванавіч.
– Гэты будынак па вуліцы Карла Маркса, дзе акрамя гандлёвай кропкі і аб’екта грамадскага харчавання знаходзіцца наш офіс, старажытны. Ёсць даведкі, што Пецярбургскай страхавой кампаніяй будынак быў застрахаваны ў 1900 годзе. Належаў ён панам Кяневічам. У гады Саюза ім карысталася раённая бальніца. Затым ён быў закінуты і знаходзіўся ў паўразбураным стане, чакаў зносу. У прынцыпе, мы выкупілі толькі сцены. Астатняе ўзводзілі самі.
Не так даўно залу кафэ адрэмантавалі наноў. Яна ў шыкоўным класічным стылі. Для гэтага спецыяльна запрашалі дызайнера. Адзначу, што цяпер кафэ выглядае прыстойна і ў плане наведвальнікаў. Сюды прыходзяць адпачываць культурныя людзі. Новы глыток паветра кафэ атрымала з прыходам у горад будаўнікоў горнага камбіната. Штодзень комплексныя абеды гатуем на 30-40 чалавек. У выніку маем даход у сярэднім 150 рублёў. Абеды танныя, у межах 3-4 рублёў. Паспытаць стравы нашага цудоўнага повара можна з 12 да 14 гадзін, ды і вечарам таксама рады кліентам.
Я вось сам сёння ўзяў расольнік, катлету з грэчкай, за гэта ўсяго аддаў 2,50. Адзначу, што мы першапачаткова вызначыліся, што гатаваць трэба па-дамашняму. Не варта шкадаваць пакласці тое ж сметанковае масла ў бульбяное пюрэ. За арыгінальныя стравы, майстэрства і добрыя адносіны да справы мы ўдзячны повару Ліліі Кабановіч, якая працуе ў нас 11 гадоў. Да таго, Лілія Аляксееўна славіцца сваёй выпечкай: булкі, беляшы, сасіскі ў цесце, бургеры – штодзень нам тэлефануюць і заказваюць гэту смакату кліенты.
Дзякуючы Ліліі Аляксееўне некалі атрымалі грашовую прэмію за разнастайныя стравы з бульбы, якія былі прадстаўлены на выставе-кірмашы на абласных “Дажынках”. Было таксама прызнана кафэ лепшым у раёне па рознічным тавараабароце сярод прадпрыемстваў грамадскага харчавання.
Мяса і мясныя вырабы закупляем на камбінаце ў Бярозе, гародніну, садавіну – у знакамітых “Аптыфрэш” і “Фрутрэал”. З абсталявання на кухні дастаткова ўсяго: цестамясільная машына, дзве печы “Індэзіт”, посудамыечная машына. Што да посуду, то выкарыстоўваем шклокераміку і фарфор.
У вячэрні час кліентаў сустракае наша бармэнша Ілона Самбук. Добразычлівая, сціплая дзяўчына, ведаючая сваю справу.
У магазіне таксама надзейныя людзі. Загадвае ім родная сястра Пятра Іванавіча – Валянціна Градавік, прадаўцом працуе пляменніца Алена Працэнка. Ад людзей, як выказаўся мой суразмоўца, залежыць і фінансавы поспех, і прэстыж установы. Родным людзям усё ж давяраць лягчэй.
Штомесяц ПВГУП “ЖэВер” і “Вергандаль” адлічваюць у раённы бюджэт падаткаў і страхавых плацяжоў у раёне 3 тысяч рублёў. Да таго, Пётр Іванавіч і Марыя Іванаўна займаюцца дабрачыннасцю. Дапамогу аказваюць цэрквам, за што Тураўская епархія адзначыла прадпрымальнікаў граматай, выдаткі ўносяць і арганізацыі “Чырвоны Крыж”.
Пажадаем бізнесу гэтай сям’і росквіту, новых дасягненняў, пашырэння кола кліентаў і рэалізацыі ідэй.
Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.